Нагадаем, праваахоўныя органы абвінавачваюць старшыню непрызнаванага беларускімі ўладамі “Саюзу палякаў на Беларусі” Анжаліку Борыс у арганізацыі і правядзенні 2 траўня ў Гродне несанкцыянаванага мерапрыемства - канцэрта знакамітага польскага гурта Lombard.
У інтэрв'ю Рацыі лідэр Lombard Гжэгаж Стружняк здзівіўся гэтай навіне:
- Гэта нас вельмі здзіўляе, мы пра гэта не ведалі.
Гурт Lombard меў праблемы з тым, каб атрымаць візы ў Беларусь.
- Мы да канца не ведалі, ці атрымаем дазвол на паездку ў Беларусь. Не агучвалі гэтай справы, усё рабілі, каб не было нагоды для адмены канцэрту. Таму неяк атрымалася нам паехаць у Гродна. Беларускі бок вельмі зацягваў справу выдачы візаў. Толькі ў дзень да ад'езду ў другой палове дня мы атрымалі візы. Нас вельмі здзіўляе, што яе будуць судзіць. Хаця можна было і чакаць, што нешта такое здарыцца. Мы яшчэ падчас канцэрту і пасля яго баяліся гэтага. Ужо на месцы ў Гродне на канцэрце можна было адчуць, што нешта ідзе не так. Ужо тады супрацоўнікі Анжалікі Борыс заўважылі, што канцэрт запісваюць на відэакамеры міліцыянты, мы таксама заўважылі службовыя аўтамабілі.
- У сувязі з гэтымі апошнімі падзеямі Lombard нейкім чынам акажа падтрымку спадарыні Борыс?
- Натуральна. Мы сябруем з ёю і, напэўна, нейкім чынам пазначым сваю салідарнасць. Калі будзе шанец, то падтрымаем Анжаліку Борыс. У нас ўжо ёсць нейкія ідэі , якія хочам рэалізаваць у Польшчы ў Познані. Ідэя узнікла пасля канцэрту ў Гродне. Анжаліка Борыс распавяла нам, што падрыхтавала варыянт, на выпадак калі б нам не дазволілі прыехаць у Беларусь. Яна прыдумала, што ў такой сітуацыі нашы песні выканаюць беларускія мясцовыя гурты. Зараз маем ідэю запрасіць гэтыя гурты ў Познань на супольны канцэрт салідарнасці. Хочам запрасіць таксама Анжаліку Борыс і зладзіць сустрэчу са студэнтамі, каб яна распавяла пра тое, што зараз дзеецца ў Беларусі. Думаю, што ўдасца нам у бліжэйшай будучыні гэта рэалізаваць.
- Ці прыме Lombard магчымыя новыя запрашэнні на канцэрт у Беларусь?
- Цяжка сказаць… Гэты канцэрт у Гродне быў для нас значнай падзеяй. Была цудоўная публіка. У нашых размовах пасля канцэрту мы абяцалі сабе, што калі толькі будзе такая магчымасць, то зноў зайграем у Беларусі. Хаця вядома, што нервы, напэўна, будуць і ўсё можа здарыцца.
Бліжэйшым часам Анжаліку Борыс чакае суд паводле артыкула “Арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства”, які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу вялікіх памераў ці адміністрацыйны арышт.
Нягледзячы на тое, што імпрэза адбывалася на тэрыторыі прыватнай фірмы “Форт”, а арганізацыйную і тэхнічную дапамогу ажыццяўляла Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, менавіта Анжаліка Борыс, паводле меркаванняў міліцыянтаў, з’яўляецца арганізатарам канцэрта Lombard.
На думку самой Анжалікі Борыс, дзеянні беларускіх уладаў ніякім чынам не спрыяюць нармалізацыі адносін не толькі паміж польскай меншасцю і дзяржавай, але і паміж Беларуссю і Польшчай.




