11-05, 16:57

Андрэя Кіма вярнулі на Валадарку

Лідэра “Ініцыятывы” перавялі пазаўчора з турэмнага шпіталя зноў у следчы ізалятар. Пра гэта паведаміла маці вязня Таццяна Кім.

Дзяжурны ізалятара, які гэта пацвердзіў, не сказаў, у якім стане здароўя вярнулі Андрэя Кіма, паведамляе прэс-служба “Маладога фронту”.

Болей за два тыдні таму 22-гадовага палітвязня паклалі ў шпіталь з захворваннем вачэй. 7 траўня Таццяна Кім бачылася з сынам у шпіталі. Жанчына кажа, што сын не выглядаў ужо цалкам здаровым:

- Лепш сталі вочы, але я лічу, што яшчэ не зусім паправіліся. У сераду, калі я з ім размаўляла, яшчэ вочы выглядалі запаленымі.

Нагадаем, Цэнтральны суд Мінска асудзіў Андрэя Кіма на паўтара года зняволення нібыта за збіццё супрацоўніка ДАІ падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Папярэднюю скаргу на прысуд Андрэй Кім ужо накіраваў.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя