Пра гэта сёння заявіла намесніца старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аліна Суравец на прэс-канфэрэнцыі ў Вільнюсе.
Ператрусы, якія адбыліся ў офісах і кватэрах працаўнікоў Радыё Рацыі, Еўрапейскага радыё для Беларусі і тэлеканалу “Белсат”, будуць мець працяг, лічыць Аліна Суравец.
- Уся тэхніка, якая трапіла да іх (следчых органаў) у рукі, - гэта дыскі, камп’ютэры, ноўтбукі, дыктафоны – зараз правяраецца на прадмет пэўнай крамолы.
Паводле Суравец, усялякая палітычная кампанія, што праходзіць у Беларусі, адгукаецца на незалежных СМІ. Узмацняецца ціск напярэдадні кампаній і адразу пасля іх. Усе спробы сродкаў масавай інфармацыі прад’явіць патрабаванні пракуратуры аказваюцца марнымі, а журналістаў працягваюць цягаць на допыты ў КДБ. Аліна Суравец нагадала прысутным журналістам, што надоечы быў на допыце прадстаўнік тэлеканалу “Белсат” Эдуард Мельнікаў. Паводле яе словаў, пытанні, што задавалі Мельнікаву, датычыліся ягонай працы на тэлевізіі.
Сяржук ГАЎРЫЛЕНКА




