“Самае асноўнае, што павінна сёння фігураваць у патрабаваннях палітыкаў, — гэта раздзяржаўленне, дэманапалізацыя мас-медыя”, — так пракаментавала прэс-службе БАЖ старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна фактзвароту некалькіх беларускіх палітыкаў да міністра замежных спраў Польшчы.
На думку спн. Літвіной, адной з асноўных праблем сёння з’яўляецца адсутнасць у палітыкаў яснай пазіцыі ў дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі. Па назіраннях старшыні БАЖ, непаслядоўнасць і недальнабачнасць у дачыненнях з прэсай палітыкі праяўлялі напрацягу апошніх 10 гадоў, пакідаючы адным з асноўных патрабаванняў доступ да дзяржаўных СМІ і “забываючыся” на праблемы недзяржаўнай прэсы.
- У згаданым лісце яскрава прасочваецца імкненне загнаць недзяржаўную прэсу „ў сферу абслугоўвання“ — гэтак жа, як робіць сённяшняя ўлада. Між тым, калі прэса трапляе ў складаную сітуацыю — як пасля ператрусаў у канцы сакавіка, — журналісты застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі, — заўважае Жанна Літвіна.
Старшыня БАЖ лічыць, што вяшчанне дзвюх замежных радыёстанцый у FM-дыяпазоне не вырашыць праблемы свабоднага абарачэння інфармацыі на тэрыторыі Беларусі:
- Я гэтую ідэю чую ўжо напрацягу 10-і гадоў — пра тое, што перадатчыкі павінныя быць устаноўленыя на мяжы з заходнімі краінамі. Але існуюць аб’ектыўныя прычыны, па якіх сігнал не можа распаўсюджвацца і рэтранслявацца на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Таму чакаць, што гэтыя дзве радыёстанцыі вырашаць усе нашыя глыбінныя праблемы, не варта.
На думку Жанна Літвіной, у грамадстве наспела патрэба шырокай дыскусіі на тэму дачыненняў палітыкаў і журналістаў.
- Мы разлічваем на тое, што такая дыскусія распачнецца найбліжэйшым часам, — кажа старшыня БАЖ.





