16-05, 13:18

Андрэй Клiмаў: за мяжой стан майго здароўя толькi пагоршыўся

15 мая мінула тры месяцы, як выйшаў на свабоду палiтык Андрэй Клiмаў. Днямi ён вярнуўся з-за мяжы, дзе праходзiў медыцынскае абследаванне.

Роўна месяц таму, калi Андрэй Клiмаў знаходзiўся ў адной з замежных клiнiк, "Народная воля" звязвалася з iм па тэлефоне.

"Здароўе дрэннае, — распавёў тады палiтык. — Усё аказалася куды горш, чым я чакаў. Турма — не санаторый, але на гэты раз здароўе я падарваў канчаткова. У Беларусь вярнуся, як толькi адчую сябе лепш".

Праўда, на той час Андрэй Клiмаў папрасiў не агалошваць iнфармацыю аб сваiм лячэннi да вяртання ў Мiнск. I вось днямi палiтык прыехаў дадому.

— Не буду казаць, дзе канкрэтна я знаходзiўся, аднак мне параiлi на нейкi час змянiць клiмат, — расказвае Андрэй Клімаў. — Зараз у Мiнску працягваю папярэднi курс абследавання. Даюць аб сабе ведаць усе старыя хваробы пасля арышту, зняволення i, суадносна, стрэсу.

— Што кажуць урачы?

— Прапiсалi дамашнi пасцельны рэжым. Самаадчуванне такое, што пакуль мяне нiчога не цiкавiць. Нават спiртныя напоi ўрачы катэгарычна забаранiлi ўжываць у любых дозах. Дарэчы, як аказалася, змена клiмату i знаходжанне за мяжой толькi пагоршылi мой стан здароўя. Таму i вярнуўся ў Мiнск.

— Якiя блiжэйшыя планы?

— Зараз у рабоце мая новая кнiга, i, як толькi паправiцца здароўе, адразу ж арганiзую яе прэзентацыю.

Нагадаем, што вядомага палiтыка Андрэя Клiмава датэрмiнова вызвалiлi з мазырскай калонii 15 лютага.

Ён быў арыштаваны 3 красавiка 2007 года за апублiкаваныя ў iнтэрнеце публiцыстычныя артыкулы. Супраць палiтыка была ўзбуджана крымiнальная справа па артыкуле 361 ч.3 КК РБ "Заклiкi да змены канстытуцыйнага строю, якiя ажыццяўлялiся з дапамогай СМI".

У iзалятары ў палiтыка адбыўся сардэчны прыступ. 1 жнiўня на практычна закрытым судзе Клiмаў быў асуджаны на 2 гады зняволення ў калонii строгага рэжыму.

Раней палiтык правёў чатыры гады ў турме па абвiнавачванні ў эканамiчных злачынствах, а таксама быў асуджаны на 15 месяцаў зняволення ("хiмii") за арганiзацыю вулiчных акцый пратэсту. Праваабарончая арганiзацыя Amnesty International прызнала Андрэя Клiмава вязнем сумлення.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя