У адносінах да актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аднаго з лідэраў маладзёжнай арганізацыі АГП "Маладыя дэмакраты" Міхаіла Пашкевіча распачата крымінальная справа. Аб гэтым яго адвакату Святлане Гарбаток паведамілі ва Упраўленні ўнутраных спраў Кастрычніцкага раёна Мінска.
Нагадаем, актывіст АГП быў затрыманы 28 чэрвеня ў раёне чыгуначнага вакзала Мінска, калі накіроўваўся на сустрэчу з сябрам. Затрыманне было праведзена адразу пасля таго, як палітсавет АГП дэлегаваў М.Пашкевіча ў Цэнтральную выбарчую камісію ў якасці назіральніка ад партыі. Зазначым, што ў красавіку Пашкевіч быў прыгавораны да абмежавання волі (без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу) тэрмінам на два гады за ўдзел у акцыі салідарнасці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, што прайшла 10 студзеня ў Мінску. Калі суд прызнае Пашкевіча вінаватым па адміністрацыйнай справе, яму пагражае рэальнае пазбаўленне волі.
Як паведаміў БелаПАН лідэр АГП Анатоль Лябедзька, разбор адміністрацыйнай справы Пашкевіча павінен быў пачацца раніцай 30 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска, аднак у суд ён не быў дастаўлены.
"Святлане Гарбаток заявілі, што Міхаілу Пашкевічу прад'яўлена абвінавачанне па артыкуле 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("хуліганства"). Гэты артыкул прадугледжвае да двух гадоў пазбаўлення волі", — зазначыў А.Лябедзька.
"У судзе нам пакуль нічога не гавораць. Мы спадзяемся, што працэс па справе Пашкевіча пачнецца а 15-й гадзіне, як нам абяцалі, і тое, што яна будзе адміністрацыйнай", — дадаў палітык, паведамляе БелаПАН






