30-06, 15:52

БАЖ праводзіць абмеркаванне новага закона "Аб сродках масавай інфармацыі"

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) праводзіць на сваім сайце абмеркаванне новага закона "Аб сродках масавай інфармацыі".

Акцыя называецца "інтэрнет-рэферэндум". Наведвальнікам сайта БАЖ прапануецца адказаць на тры пытанні: "Як вы ставіцеся да прапановы рэгістраваць інтэрнет-рэсурсы як СМІ?", "Як вы ставіцеся да абмежавання замежных інвестыцый у СМІ?", "Як вы ставіцеся да неабходнасці перарэгістрацыі СМІ пасля набыцця моцы законам аб СМІ?".

Паводле слоў супрацоўніцы прэс-службы БАЖ Вольгі Бабак, мэта акцыі — сабраць інфармацыю аб рэакцыі журналісцкай супольнасці на прыняцце новага закона аб СМІ.

"Гэта падстава, дзякуючы якой БАЖ можа рабіць далейшыя захады: прыцягнуць увагу тых дэпутатаў, якія прымалі закон, да меркавання тых, хто мусціь працаваць па гэтым законе. Гэта і інфармацыйная кампанія ў адносінах да тых пунктаў новага закона, якія юрысты БАЖ лічаць найбольш небяспечнымі. Гэта і агульная інфармацыйная кампанія", — сказала В.Бабак БелаПАН.

Яна нагадала, што па ініцыятве БАЖ ужо прайшлі дзве грамадскія кампаніі пратэсту супраць новага закона аб СМІ — "гадзіна маўчання", калі ўсім інтэрнет-рэсурсам прапаноўвалася не абнаўляцца на працягу адной гадзіны, і "чорны квадрат", калі ўсім на працягу сутак прапаноўвалася замяніць усе банеры ў інтэрнет-рэсурсах на чорны колер без тэксту.

"Мы праводзілі маніторынг гэтых кампаній і ўбачылі, што большасць журналістаў і беларускіх інтэрнет-рэсурсаў гэтыя акцыі падтрымалі", — зазанчыла В.Бабак.

Па выніках падобных акцый і апытанняў меркаванняў журналістаў БАЖ будзе прымаць рашэнне адносна сваіх далейшых дзеянняў.

Нагадаем, новы закон "Аб сродках масавай інфармацыі" быў прыняты ў рэкордна кароткія тэрміны: 10 чэрвеня ён паступіў у ніжнюю палату парламента, а ўжо 24 чэрвеня быў прыняты ў другім чытанні; 28 чэрвеня законапраект ухваліла верхняя палата парламента. Усё гэта адбывалася насуперак заклікам праваабароных арганізацый, а таксама беларускіх і заходніх палітыкаў не прымаць закон, які можа яшчэ больш абмежаваць свабоду СМІ ў Беларусі, паведамляе БелаПАН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя