У канчатковай справаздачы амерыканскага ўрача Альберта Бенчабата стан здароўя арыштаванага Эмануіла Зельцэра характарызуецца як "зусім нездавальняючы, прычым хутка пагаршаецца".
26 чэрвеня амерыканскаму незалежнаму ўрачу, на чыёй кандыдатуры сышліся МЗС Беларусі і пасольства ЗША ў Мінску, у якасці выключэння было дазволена агледзець Э.Зельцэра. Вярнуўшыся ў Нью-Йорк, доктар, які раней не бачыў Зельцэра, азнаёміўся з яго гісторыяй хваробы і склаў канчатковую справаздачу. БелаПАН яго перадала амерыканская дыпмісія.
А.Бенчабат, урач, які практыкуе ў штатах Нью-Йорк і Фларыда, акрэдытаваны пры Амерыканскай палаце па ўнутраных хваробах, аглядаў Э.Зельцэра ў следчым ізалятары КДБ каля трох з паловай гадзін. Пры аглядзе прысутнічаў беларускі ўрач, прадстаўнік КДБ і перакладчык. Адвакат Зельцэра і амерыканскія дыпламаты дапушчаны не былі.
54-гадовы Зельцэр, на думку ўрача, выглядае на 10 гадоў старэйшым, вельмі слабы, не можа перамяшчацца і стаяць без пабочнай дапамогі, скардзіцца на шматлікія болі, у тым ліку ў пазваночніку, плячах, ступнях, правай нырцы і немагчымасць спаць пры гэтых болях. Паводле слоў Зельцэра, ён вымушаны пастаянна курыць, каб аблегчыць боль.
Правая нага, шчыкалатка і ступня арыштаванага распухлі і таксама прычыняюць боль; левая ступня "дэфармавана па прычыне дыябетычнай неўрапатыі", у наяўнасці таксама "мышачная дыстрафія, якая адбылася за кароткі перыяд часу". Больш за тое, лекі, якія Зельцэр пачаў пастаянна прымаць у зняволенні, выклікалі новае захворванне — язву страўніка.
Турэмную справаздачу аб стане арыштаванага А.Бенчабат назваў "няпоўнай", яна не адлюстроўвае стан яго здароўя. Так, там адсутнічае інфармацыя аб болях, якія адчувае Зельцэр, у прыватнасці як пабочная з'ява падагры і спандылёзу; не збіраецца інфармацыя аб вазе арыштаванага, яго глікалізаваным гемаглабіне, суставах, якія распухлі.
"Прымаючы да ўвагі сённяшні медыцынскі догляд, які з'яўляецца мінімальным і недастатковым пры наяўнасці сур'ёзных захворванняў, Эмануіл Зельцэр можа не перажыць зняволенне, калі лячэнне не будзе адноўлена і ўсе яго болесуцяшальныя, якія ён прымаў да арышту па прызначэнні свайго ўрача, не будуць выдавацца яму зноў", — лічыць амерыканскі ўрач.
Варта зазначыць, што беларускія праваахоўныя органы не раз заяўлялі, што "стан здароўя дазваляе Зельцэру знаходзіцца ў следчым ізалятары". Яго агляд замежным урачом праваахоўныя органы назвалі прэцэдэнтам, бо падобная працэдура беларускім заканадаўствам не прадугледжана.
Урач арыштаванага Леў Паўкман неаднаразова звяртаўся ў Генпракуратуру Беларусі, указваючы, што лекі, адабраныя ў Э.Зельцэра ў якасці незаконна ўвезеных псіхатропных рэчываў, яму жыццёва неабходныя. Апошнія 15 гадоў амерыканскі юрыст штодзённа прымае лекі супраць сваіх шматлікіх хвароб — дыябету, дыябетычнай полінеўрапатыі, артрыту, падагры абедзвюх ступняў, дыябетычнага паражэння перыферыйных сасудаў ніжкіх канечнасцей.
Эмануіл Зельцэр разам са сваім сакратаром грамадзянкай Расіі Уладленай Функ былі затрыманы 12 сакавіка ў Мінску. 27 чэрвеня ім прад'яўлены канчатковыя абвінавачанні. Зельцэру інкрымінуюцца выкарыстанне заведама фальшывых афіцыйных дакументаў, кантрабанда наркатычных сродкаў і камерцыйны шпіянаж. Функ абвінавачваецца ў выкарыстанні заведама фальшывых афіцыйных дакументаў і ў камерцыйным шпіянажы.
І Зельцэр, і Функ настойваюць на сваёй невінаватасці. 30 чэрвеня яны разам з агульным адвакатам Дзмітрыем Гарачкам пачалі вывучаць матэрыялы справы, паведамляе БелаПАН






