03-07, 18:22

Швецыя вельмі заклапочана станам дэмакратыі ў Беларусі

Швецыя вельмі заклапочана станам дэмакратыі ў Беларусі. Аб гэтым у інтэрв'ю БелаПАН заявіў пастаянны прадстаўнік гэтай краіны ў Савеце Еўропы, пасол Пер Сьёгрэн. "Беларусь і яе дэмакратычнае развіццё вельмі важныя для СЕ і Швецыі", — сказаў ён.

"Савет Еўропы і Швецыя як цяперашні старшыня Камітэта міністраў СЕ надаюць вялікае значэнне рабоце па падтрымцы і развіцці дэмакратыі ў Беларусі", — сказаў пасол. Паводле яго слоў, такая падтрымка ажыццяўляецца па некалькіх кірунках.

"Усходнееўрапейская школа палітычных даследаванняў з'яўляецца адным з важных спосабаў нашай дапамогі ў развіцці дэмакратыі ў Беларусі, — зазначыў пасол. — Яшчэ вельмі вялікае значэнне мы надаем адкрыццю інфармацыйнага бюро Савета Еўропы на базе Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску".
Дыпламат падкрэсліў, што цяпер ідзе працэс рэгістрацыі бюро ў Беларусі. "Пагадненне паміж Саветам і БДУ ўжо падпісана. Думаю, што працэс рэгістрацыі знаходзіцца на фінальнай стадыі. Спадзяюся, што бюро будзе адкрыта да канца гэтага года. Усё залежыць ад беларускіх уладаў", — сказаў П.Сьёгрэн.

Акрамя таго, падкрэсліў ён, у якасці старшыні Савета Еўропы Швецыя аказвае дапамогу ў падрыхтоўцы семінара, прысвечанага пытанням развіцця дэмакратыі і выканання правоў чалавека. 

"Правесці семінар плануецца гэтай восенню ў Мінску", — паведаміў П.С'ёгрэн.

Каментуючы ліст парламентарыяў ПАСЕ да ўрадаў еўрапейскіх краін з просьбай знізіць кошт шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян, П.Сьёгрэн зазначыў: "Гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі Еўрасаюза. Але я хацеў бы падкрэсліць, што мы ў Савеце Еўропы разумеем важнасць кантактаў паміж людзьмі, асабліва моладдзю, і ўсяляк іх падтрымліваем", паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя