Прадстаўнікі апазіцыі заклікалі ўлады не выкарыстоўваць начны выбух у сталіцы "для пераследу палітычных апанентаў" і "далейшага абмежавання свабоды і дэмакратыі".
Так, Аб'яднаная грамадзянская партыя ў сваёй заяве "катэгарычна і рашуча" асудзіла "дзеянні выканаўцаў і арганізатараў тэракта, што адбыўся ноччу 4 ліпеня ў Мінску".
Партыя заклікала ўлады "правесці непрадузятае аператыўнае расследаванне трагедыі і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці выканаўцаў і замоўцаў злачынства", але пры гэтым — "устрымацца ад спакусы выкарыстаць здарэнне для правядзення выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў ва ўмовах надзвычайных мер, а таксама для арганізацыі "крыжовага паходу" ў дачыненні да палітычных апанентаў і іншадумцаў".
З аналагічнай заявай выступіла Партыя БНФ.
"Не ведаем, хто і з якімі мэтамі ўчыніў гэтае злачынства, але ўпэўнены: толькі хтосьці бясконца далёкі ад прынцыпаў чалавечасці, хрысціянскіх каштоўнасцей, любові да беларускага народа і сваёй краіны мог спланаваць і ўчыніць такое дзікунства", — гаворыцца ў заяве.
Зазначаючы, што "такога кшталту злачынствы дагэтуль не былі характэрныя для Беларусі", Партыя БНФ "настойліва раіць уладам у будучым лепш дбаць аб бяспецы людзей, якіх яны ж самі і збіраюць".
"Папярэджваем, што з боку ўладаў было б вялікай памылкай паспрабаваць выкарыстаць гэтую падзею ў мэтах далейшага абмежавання свабоды і дэмакратыі і барацьбы з палітычнымі апанентамі", — падкрэсліваецца ў заяве Партыі БНФ, паведамляе БелаПАН






