Коласаўская акруговая камісія № 106 у Мінску 28 жніўня адмовіла старшыні аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалаю Статкевічу ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
У інтэрв'ю БелаПАН палітык заявіў, што і не спадзяваўся на рэгістрацыю. "У мяне непагашаная судзімасць, што, на думку акруговай камісіі, з'яўляецца перашкодай для рэгістрацыі кандыдатам. Акрамя таго, камісія палічыла несапраўднай частку подпісаў, якія збірала ініцыятыўная група", — сказаў ён.
М.Статкевіч паведаміў, што вылучаўся кандыдатам з-за іншай прычыны. "Мне цікава, што важнейшае — Канстытуцыя або Выбарчы кодэкс. У адпаведнасці з кодэксам мяне нельга зарэгістраваць. Аднак у Канстытуцыі прапісаны толькі дзве прычыны, з-за якіх нельга рэгістравацца кандыдатам у дэпутаты: знаходжанне ў турме і прызнанне судом недзеяздольным", — зазначыў палітык.
Ён сказаў, што збіраецца абскардзіць рашэнне акруговай камісіі спачатку ў Цэнтрвыбаркаме, а потым у Вярхоўным судзе. "Важна высветліць, што ў краіне важнейшае — Канстытуцыя або закон, які можа мяняцца паводле капрызу аднаго чалавека", — падкрэсліў М.Статкевіч, паведамляе БелаПАН.






