Былы пасол ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт, якая цяпер займае пасаду галоўнага намесніка памочніка дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы, "вельмі хацела б" зноў узначаліць амерыканскае пасольства ў Мінску. Пра гэта яна заявіла падчас сустрэчы з дэлегацыяй кіраўнікоў беларускіх грамадскіх аб'яднанняў, якая знаходзіцца ў ЗША з 15 лістапада па 8 снежня.
Як паведаміў БелаПАН член дэлегацыі, старшыня аб'яднання "Саюз Чарнобыль-Беларусь" (Кіеў, Украіна) Аляксандр Валчанін, сустрэча адбылася 18 лістапада ў Дзярждэпартаменце ЗША. На ёй абмяркоўваліся вынікі парламенцкіх выбараў і цяперашняя сітуацыя ў Беларусі, а таксама перспектывы амерыкана-беларускіх адносінаў, у тым ліку па падтрымцы ЗША беларускай грамадзянскай супольнасці.
"Спадарыня Сцюарт выступіла за аднаўленне колькаснага складу пасольства ЗША ў Беларусі і выказала пажаданне зноў узначаліць амерыканскае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Мінску. Разумеючы, што гэта немагчыма ў сілу шэрагу прычын, спадарыня Сцюарт паведаміла, што цяпер падбіраецца кандыдатура новага пасла ў Беларусі, фігура якога з'яўляецца вельмі важнай для ЗША", — сказаў А.Валчанін.
Нагадаем, 5 лістапада часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур заявіў БелаПАН, што Злучаныя Штаты спадзяюцца на аднаўленне колькасці амерыканскіх супрацоўнікаў пасольства "без абмежаванняў і папярэдніх умоў". "Мы таксама хочам быць упэўненымі, што такая сітуацыя ў будучыні не паўторыцца", — сказаў ён.
Адносіны Беларусі і ЗША пагоршыліся ў сакавіку 2008 года пасля апублікавання ўдакладненняў да санкцый у дачыненні да беларускага дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім". Паведамлялася, у прыватнасці, што пад дзеянне санкцый падпадаюць усе прадпрыемствы, доля "Белнафтахіма" ў якіх складае 50 і больш працэнтаў.
Пасля гэтага для кансультацый з Вашынгтона быў адкліканы пасол Беларусі Міхаіл Хвастоў, а 12 сакавіка па патрабаванні беларускага боку Мінск пакінула пасол ЗША Карэн Сцюарт. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі, і 27 сакавіка Мінск пакінулі 17 дыпламатаў ЗША.
31 сакавіка Беларусь прыняла рашэнне аб дадатковым скарачэнні персаналу свайго пасольства ў Вашынгтоне і прапанавала ЗША зрабіць тое ж самае. Пасля таго як Злучаныя Штаты адмовіліся скарачаць колькасць сваіх супрацоўнікаў, 30 красавіка МЗС Беларусі аб'явіў 10 амерыканскіх дыпламатаў персонамі нон грата. Яны пакінулі Беларусь 3 мая.
У пачатку верасня ЗША прыпынілі дзеянне санкцый у дачыненні да двух прадпрыемстваў "Белнафтахіма" на паўгода, паведамляе БелаПАН







Каментары