26-02, 14:39

Здзвіжкоў збіраецца пакінуць Беларусь і змяніць грамадзянства

Намеснік галоўнага рэдактара закрытай уладамі газеты "Згода" Аляксандр Здзвіжкоў збіраецца пакінуць Беларусь і змяніць грамадзянства. Пра гэта ён заявіў 25 лютага на прэс-канферэнцыі ў офісе грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" у Мінску. 

- Я не адчуваю сябе тут у бяспецы. Я гэта ўсведамляю. І спакойна ўздыхну толькі тады, калі пакіну межы Рэспублікі Беларусь, — заявіў А.Здзвіжкоў.

- Больш за тое, я б усім сваім сукамернікам рэкамендаваў пакінуць яе межы. Таму што чалавек, які мае даведку аб вызваленні з турмы, можа трапіць назад у турму па любой прычыне з любой матывіроўкай. Чалавек з даведкай аб вызваленні — гэта нават не чалавек трэцяга гатунку, а чалавек па-за катэгорыяй. Нават за пераход вуліцы ў неналежным месцы яго могуць кінуць за краты на пяць і больш гадоў, — сказаў журналіст.

Ён заявіў, што цяпер для беларускіх праваахоўных органаў з'яўляецца рэцыдывістам, паведамляе БелаПАН.

- У дачыненні да мяне ўжо ў 2005 годзе распачата крымінальная справа за знявагу прэзідэнта. Затым яе перакваліфікавалі ў адміністрацыйную. Але тым не менш матэрыялы 2005 года аказаліся ў маёй цяперашняй справе, — зазначыў А.Здзвіжкоў.

- Я збіраюся змяніць грамадзянства, таму што гэта для мяне палітычны ўчынак. Я не жадаю быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Мне сорамна цяпер быць грамадзянінам гэтай краіны, на чале якой усім вядомая асоба, дзе менавіта такія суды, менавіта гэтая пракуратура і менавіта гэтыя турмы, — заявіў журналіст.

- Сваю дзейнасць я буду працягваць, але не журналісцкую, а пісьменніцкую. У мяне рыхтуецца да выхаду адзін раман, цяпер дапісваецца другі, можа, будзе і трэці. Такія задумы ёсць, — паведаміў А.Здзвіжкоў.

18 студзеня журналіст быў прыгавораны Мінскім гарадскім судом да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за перадрукоўку з дацкай газеты "Jullands-Posten" карыкатур на прарока Мухамеда. 22 лютага Вярхоўны суд зменшыў пакаранне да трох месяцаў, матывуючы гэта рашэнне станам здароўя А.Здзвіжкова і яго маці. Гэты тэрмін журналіст ужо адбыў падчас следства і судовага разбору.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя