Жалобная імша па змерлай жонцы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна прайшла ў вільнюскім касцёле святога Барталамея. Служба праводзілася на беларускай мове з пераходамі на польскую.
Трагічная падзея не пакінула абыякавымі вялікую колькасць людзей. На імшы прысутнічалі рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Анатоль Міхайлаў, прарэктар ЕГУ Уладзімір Дунаеў, кіраўнік Таварыства беларускай культуры Хведар Нюнька і іншыя.
Шмат прысутных былі здзіўленыя паводзінамі былога настаяцеля Мінскай епархіі ксяндза Яна Шуткевіча, які праводзіў імшу. Падчас казання святар распавёў пра сваё цяжкае жыццё, зняважліва адазваўся пра людзей, якія запрасілі яго ў Вільнюс, раскрытыкаваў дэмакратыю і заклікаў Аляксандра Казуліна выходзіць з палітыкі.
Імша закончылася спяваннем гімну “Магутны Божа”, падчас якога большасць з прысутных выйшла з храму.
Яшчэ адна паніхіда па Ірыне Казулінай прайшла ў Вільнюскай архікатэдры. Жалобную імшу на літоўскай мове праводзіў настаяцель саборы Рычардас Давейка.
Сяржук ГАЎРЫЛЕНКА




