Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну, у якой ехаў Аляксандр Казулін, і аштрафавалі вадзіцеля за перавышэнне хуткасці.
Нагадаем, палітык, які быў адпушчаны з папраўчай калоніі "Віцьба-3" на трое сутак у сувязі з пахаваннем жонкі, 28 лютага ў 17 гадзін выехаў з Мінска ў Віцебск для далейшага адбывання пакарання. А.Казулін павінен вярнуцца ў калонію да 20.00.
Як паведаміла дачка палітыка Юлія Казуліна, якая суправаджае бацьку ў паездцы, машыну на аўтатрасе каля Кургана Славы супрацоўнікі ДАІ спынілі за перавышэнне хуткасці. На вадзіцеля быў складзены пратакол і выпісаны штраф. Міліцыянеры папярэдзілі, што паўторнае парушэнне хуткаснага рэжыму можа пацягнуць арышт вадзіцеля і пазбаўленне яго вадзіцельскіх правоў, пасля чаго машыну адпусцілі.
Журналісты, якія суправаджалі экс-кандыдата ў прэзідэнты, і знаходзіліся ў іншым аўтамабілі, згубілі з поля зроку машыну А.Казуліна, паколькі яна паехала па іншай дарозе. Цяпер яны разлічваюць сустрэцца з Казуліным і яго спадарожнікамі толькі ў Віцебску. //БелаПАН




