Гродзенскія грамадскія арганізацыі “Таварыства беларускай школы” і “Таварыства беларускай мовы” ўзяліся за арганізацыю агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі ў горадзе.
Акцыя ў Гродне адбудзецца ў нядзелю 23 сакавіка ад 10 да 18 гадзіны.
У бліжэйшыя дні арганізатары беларускай дыктоўкі ў Гродне звернуцца ў разнастайныя гарадскія ўстановы з просьбай прадаставіць памяшканні для правядзення дыктоўкі.
Прынята рашэнне пра тое, каб тэкст дыктоўкі чыталі вядомыя ў горадзе пісьменнікі і навукоўцы. На прапанову арганізатараў правядзення мерапрыемства стварыць прызавы фонд беларускай дыктоўкі ў Гродне ўжо адгукнуліся прадпрымальнікі і прыватныя асобы.
Акцыя сумеснага напісання дыктоўкі ў Гродне, як па ўсёй краіне і за яе межамі, стане дэманстрацыяй салідарнасці беларусаў да роднай мовы і будзе садзейнічаць яе папулярызацыі ў грамадстве. Так лічыць старшыня гродзенскай філіі Таварыства беларускай школы Таццяна Канопкіна:
- Дыктоўку ў Гродне будуць пісаць найперш прадстаўнікі шматлікіх грамадзянскіх ініцыятываў горада, а таксама ўсе тыя, хто знітоўвае сябе з беларускасцю, бо гэта перш за ўсё акцыя павагі да культуры і гісторыі нашай краіны і нашага народу.
Заўважым, што вынікам сённяшняй дзяржаўнай палітыкі ў галіне беларускамоўнай адукацыі сталася поўная адсутнасць у Гродне беларускамоўных школ і нават беларускамоўных класаў.
Радыё Рацыя




