У Мазыры ідэолагі склалі акт на вернікаў за “немэтазгоднае выкарыстанне малітоўнага дому”.
У 20 гадзін вечара 29 лютага ў прыватны дом у Мазыры, дзе зарэгістравана рэлігійная суполка “Царква Іісуса Хрыста” наведаліся супрацоўнікі міліцыі і мясцовыя ідэолагі –Таццяны Ганчарова і Набок. На той час у хаце знаходзіліся 7 вернікаў царквы.
Як паведаміў Рацыі мазырскі актывіст партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Павел Наздра, ідэолагі вырашылі праверыць дзейнасць рэлігійнай арганізацыі.Таццяна Ганчарова сказазала вернікам, што хоча пазнаёміцца з імі і папярэдзіла, што маладыя людзі не маюць права у малітоўным доме праводзіць палітычную агітацыю.
Вернікі адказалі, што проста тут п’юць гарбату і нікога не агітуюць. Але ідэолагі склалі акт за тое, што людзі збіраюцца не з рэлігійнымі мэтамі. Затым яны перапісалі пашпартныя дадзеныя ўдзельнікаў сустрэчы і пакінулі малітоўны дом.
Павел КАТВІЦКІ




