Увечары 1 сакавіка беларускія студэнты ўпершыню ўзялі ўдзел у тэлемосце, які аб’яднаў у супольнай малітве Папау Рымскага Бенедыкта XVI і студэнцкую моладзь з дзесяці краінаў Еўропы і абедзвюх Амерык. Дэвізам тэлемосту сталі словы “Еўропа і Амерыкі разам для пабудовы цывілізацыі любові”.
Разам з беларускімі студэнтамі, якія сабраліся ў мінскім архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас тэлемосту маліліся арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, старэйшы беларускі іерарх кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, духавенства і шматлікія вернікі. Тыя з іх, якія не змясціліся ў храме, удзельнічалі ў малітве дзякуючы вялікаму манітору, усталяванаму на двары перад святыняю, паведамляе Catholic.by.
Нягледзячы на дождж, вернікі на вуліцы, якіх было не менш за тысячу, не разыходзіліся на працягу ўсго тэлемосту, што працягваўся дзве гадзіны. Трансляцыя гістарычнага тэлемосту, забяспечаная Белдзяржтэлерадыёкампаніяй, была арганізавана таксама ў мінскім касцёле св. Яна Хрысціцеля. Падчас трансляцыі адбываўся сінхронны пераклад на беларускую мову. Усяго ў Мінску ў тэлемосце ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Уладальнікі спадарожнікавых антэнаў маглі глядзець яго таксама ў прамым эфіры хрысціянскага канала Telepace.
Тэлемост распачаўся спевам на ўваход “Хрыстус учора, сёння і заўсёды, і на ўсе вякі вечныя”, словы якога ўзятыя з паслання да Яўрэяў. Пасля гэтага ў залу Паўла VI у Ватыкане быў унесены крыж, які моладзь пэўны час адаравала ў цішыні, а потым Папскі вікарый Рыма кардынал Каміла Руіні прывітаў усіх удзельнікаў тэлемосту, сабраных у Таледа (Іспанія), Апарэсідзе (Бразілія), Лохе (Эквадор), Неапалі (Італія), Гаване (Куба), Мехіка (Мексіка), Авіньёне (Францыя), Вашынгтоне (ЗША), Бухарэсце (Румынія) і Мінску (Беларусь).
Асноўнаю часткаю тэлемосту стала супольная малітва еўрапейскіх і амерыканскіх студэнтаў з Бенедыктам XVI. Той звярнуўся да студэнтаў і з кароткаю прамоваю, падчас якой прывітаў удзельнікаў малітоўнага тэлемосту з розных краінаў на іх родных мовах. Па-беларуску Папа Рымскі сказаў:
- Дарагія студэнты мінскіх універсітэтаў! Сардэчна вас вітаю. Даручаю вашаму роздуму Энцыкліку аб надзеі і заахвочваю вас будаваць цывілізацыю любові. У жыцці прымайце правільныя рашэнні ды дзеянні, поўныя веры і евангельскае адвагі.




