Кожны дваццаты шлюб, зарэгістраваны ў Беларусі ў мінулым годзе, быў заключаны з іншаземцамі, паведамляе Міністэрства статыстыкі і аналізу. У 2006 годзе такіх пар было менш – 4.102.
Часцей за ўсё свой выбар нашы суайчыннікі спыняюць на грамадзянах Расіі і Украіны. Жаніхі і нявесты з краін далёкага замежжа значна радзей становяцца галоўнымі ўдзельнікамі вясельных цырымоній.
Так, у мінулым годзе выбраннікамі беларускіх нявест сталі 1.019 расіян і 385 украінцаў. Выхадцаў з іншых краін СНД выбралі ў мужы 386 беларусак. Сярод жаніхоў з далёкага замежжа самай вялікай папулярнасцю традыцыйна карыстаюцца грамадзяне Германіі - у мінулым годзе з імі заключана 133 шлюбы. Выбраннікамі беларусак у мінулым годзе сталі 65 грамадзян Ізраіля, 44 - Польшчы, 33 - ЗША, 17 - Канады, 15 - Турцыі. Марш Мендэльсона прагучаў у Беларусі для 110 жаніхоў з Эстоніі, Латвіі і Літвы, паведамляе БелТА.
Беларускія мужчыны некалькі адстаюць ад прадстаўніц слабага полу ў “экспарце” другой палавіны - па статыстыцы, яны значна радзей аддаюць перавагу іншаземкам. Верхні радок у рэйтынгу замежных нявест займаюць расіянкі (з грамадзянкамі РФ у мінулым годзе заключана 1.020 шлюбаў, другое месца - за грамадзянкамі Украіны (362). Жонкамі беларусаў сталі 80 грамадзянак прыбалтыйскіх дзяржаў, 13 грамадзянак Германіі, 10 - Ізраіля, 5 - Польшчы.
Усяго ж у 2007 годзе заключана 90.444 шлюбы (на 15% больш, чым у 2006 годзе).





