У Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны ў новым навучальным годзе будзе ўведзена дысцыпліна "трапічная жывёлагадоўля".
Як паведаміў дацэнт кафедры прыватнай жывёлагадоўлі ветакадэміі Віктар Дойлідаў, гэтая дысцыпліна будзе арыентавана на працу спецыялістаў за мяжой. Паводле яго слоў, трапічная жывёлагадоўля даўно выкладаецца ў расійскіх і еўрапейскіх універсітэтах.
Трапічную жывёлагадоўлю будуць вывучаць студэнты 3-га курса, якія вучацца па спецыяльнасці "ветэрынарная медыцына", і студэнты 5-га курса, якія вучацца па спецыяльнасці "заатэхнія".
"На лекцыях будуць разглядацца біялагічныя асаблівасці сельскагаспадарчых жывёл зон тропікаў і субтропікаў — Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі, Азіі, асаблівасці будовы гэтых жывёл, тэхналогіі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і захавання яе якасці ў спякотным клімаце", — паведаміў Дойлідаў.
Гэтая дысцыпліна таксама прадугледжвае вывучэнне ўплыву трапічнага клімату на здароўе і прадукцыйнасць як мясцовых жывёл, напрыклад буйвала, ламы, вярблюда, дзікага быка зебу, гэтак і завезеных у тропікі з іншых рэгіёнаў. "Трапічны клімат дзейнічае на еўрапейскіх жывёл спецыфічна, да прыкладу карова пражыве тут менш", — зазначыў дацэнт.
Вывучаць трапічную жывёлагадоўлю будуць беларускія і замежныя студэнты. У віцебскай ветакадэміі, адной з найстарэйшых ВНУ Беларусі, вучацца студэнты з Ірана, Пакістана, Камеруна, Лівана, Ізраіля, паведамляе БелаПАН.








Каментары