08-03, 09:39

Гомельскага апазіцыянера змушаюць выплаціць падатак на даходы за ўсё жыццё

Сума падатку складае 2 млн. 150 тыс. рублёў. Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Гомеля ў дачыненні да мясцовага дэмакратычнага актывіста Канстанціна Жукоўскага .

Суд задаволіў іск падатковай інспекцыі Цэнтральнага раёна і вынес рашэнне абавязаць актывіста выплаціць падаткі на даходы на ўсё жыццё пачынаючы з 18-гадовага ўзросту (цяпер К.Жукоўскаму 32 гады).

К.Жукоўскі паведаміў БелаПАН, што згодна з паведамленнем судовае пасяджэнне па іску прайшло 29 лютага. Аднак ніякіх позваў, паводле слоў актывіста, ён не атрымліваў. У той жа дзень, 29 лютага, у Гомельскім абласным судзе К.Жукоўскі абскардзіў патрабаванне падаткавікоў выплаціць штраф за вясельны падарунак. У задавальненні скаргі актывісту было адмоўлена, і ён павінен заплаціць 1 млн. 750 тыс. рублёў. Такім чынам, агульны доўг К.Жукоўскага перад казной складае амаль 4 млн. рублёў.

Актывіст зазначыў, што даведкі аб даходах за 14 гадоў ён не прадстаўляў, таму не разумее, адкуль узятая менавіта такая сума падаткаў, эквівалентная 1.000 долараў ЗША. К.Жукоўскі заявіў аб намеры падаць у суд на падатковую інспекцыю, як толькі збярэ дастатковую суму для выплаты дзяржпошліны.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя