10-03, 16:10

Пастар царквы "Новае жыццё" Вячаслаў Ганчарэнка аштрафаваны на 10 базавых велічынь

10 сакавіка суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль аштрафавала на 350 тыс. рублёў пастара царквы "Новае жыццё" Рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Вячаслава Ганчарэнку за адмову выконваць пракурорскае прадпісанне аб допуску ў храм супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Аб гэтым паведаміў БелаПАН юрыст царквы Сяргей Луканін. 

Паводле яго слоў, пастар сваю віну не прызнаў і заявіў аб тым, што не абавязаны выконваць незаконныя патрабаванні службовых асоб. "А спробу супрацоўнікаў МНС прайсці ў храм для інспектавання будынка і яго камунікацый Вячаслаў Ганчарэнка назваў праявай ціску, арганізаванага Мінскім гарвыканкамам, каб перашкодзіць законнай дзейнасці рэлігійнай арганізацыі. Пастар нагадаў, што амаль месяц таму ён звярнуўся ў пракуратуру для правядзення разбору і вызначэння канкрэтнага чыноўніка — ініцыятара шматразовых спробаў пранікнення ў царкву прадстаўнікоў дзяржструктур", — расказаў С.Луканін. Пастар мае намер абскардзіць рашэнне суддзі Т.Мотыль у вышэйшай інстанцыі.

Нагадаем, што згодна з рашэннем агульнага сходу абшчыны, з лістапада 2007 года ў будынак царквы забаронены ўваход чыноўнікаў, якія валодаюць правам накладаць адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе штрафаў. Гэта абмежаванне, як заявілі вернікі, будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль Вышэйшы гаспадарчы суд не адменіць незаконнае рашэнне Мінскага гарвыканкама аб прымусовым выкупе будынка царквы. Разгляд гэтай справы ВГС пачаў у лістападзе 2006 года і бестэрмінова спыніў 22 красавіка 2007 года.

З канца снежня 2007 года пракуратура вынесла У.Ганчарэнку два прадпісанні, якія абавязваюць дапусціць у храм прадстаўнікоў кантрольных служб, а таксама пагражала прыцягнуць святара да крымінальнай адказнасці. Выконваючы волю вернікаў, пастар не падпарадкаваўся прадпісанням пракуратуры. 19 лютага намеснік пракурора Маскоўскага раёна Дзмітрый Зыранаў склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на У.Ганчарэнку ў сувязі з яго адмовай выконваць пракурорскае прадпісанне аб допуску ў храм супрацоўнікаў МНС. //БелаПАН

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя