16-03, 10:20

Беларускія вадзіцелі патрабуюць ад улад дасканала разабрацца па факце ДТЗ 2 сакавіка на трасе Мінск — Мікашэвічы

15 сакавіка каля гіпермаркета “ProStore” у Мінску прайшла акцыя па зборы подпісаў пад калектыўным зваротам удзельнікаў дарожнага руху Беларусі да прэзідэнта краіны, Савета міністраў і Канстытуцыйнага суда.

Паводле аднаго з пацярпелых у ДТЗ 2 сакавіка Юрыя Пашкевіча, на аўтамабіль якога прыйшоўся асноўны ўдар, у звароце вадзіцелі патрабуюць “дасканала разабрацца і аб'ектыўна расследаваць” інцыдэнт 2 сакавіка на трасе Мінск — Мікашэвічы, калі супрацоўнікі ДАІ выкарысталі аўтамабілі грамадзян у якасці жывога шчыта для затрымання п'янага вадзіцеля.

“Мы лічым, што гэта падзея з'яўляецца абуральным фактам некваліфікаваных дзеянняў супрацоўнікаў ДАІ Мінска і Мінскай вобласці, вынікам якіх з'явілася парушэнне замацаваных Канстытуцыяй законных правоў грамадзян Беларусі, а таксама нанесены пацярпелым матэрыяльны, маральны і фізічны ўрон”, — гаворыцца ў звароце.

Апрача таго, як зазначаюць аўтары ліста, паводле непацверджанай інфармацыі, “падобная практыка выкарыстання аўтамабіляў цывільных асобаў у якасці заслоны для затрымання парушальнікаў на дарогах даўно прымяняецца органамі правапарадку”.

Беларускія вадзіцелі заклікалі ўлады даць ім пацвярджэнне або абвяржэнне гэтай інфармацыі, паведамляе БелаПАН. Калі гэтыя факты пацвердзяцца, вадзіцелі просяць Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь “ініцыяваць унясенне змяненняў у неабходныя заканадаўчыя акты, нарматыўныя дакументы, інструкцыі і правілы для выключэння магчымасці прымянення падобных мер з боку дзяржаўных органаў правапарадку”.

Паводле слоў Пашкевіча, у акцыі 15 сакавіка ўзялі ўдзел каля 300 чалавек.

- Я не думаў, што столькі людзей прыйдуць падтрымаць нас. Я і Аляксей Бераснёў адказалі на ўсе пытанні вадзіцеляў аб падрабязнасцях здарэння, што адбылося 2 сакавіка. Мы ўдзячныя ўсім, хто прыйшоў і падпісаў зварот.

Нагадаем, 14 сакавіка ў сувязі з дзеяннямі сурацоўнікаў ДАІ распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 424 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Паводле версіі пацярпелых, інспектары спрабавалі спыніць аўтамабіль, якім кіраваў п'яны вадзіцель і рухаўся на вялікай хуткасці ў бок Мінска, пры дапамозе шчыта з аўтамабіляў грамадзян, у якіх былі людзі, у тым ліку дзеці.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя