Дыктоўка прымеркавана да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзел у ёй узялі каля 20 чалавек — культурныя дзеячы, прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі і замежных дыпламатычных місій.
Часовы павераны Славакіі ў Беларусі Любамір Рэгак, прэс-сакратар пасольства Польшчы Моніка Садкоўска, саветнік пасла Літвы Дарыус Віткаўткас, пасол Украіны Ігар Ліховы прачыталі ў перакладзе на беларускую вершы паэтаў сваіх краін пра мову. Часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс прачытаў у перакладзе на англійскую мову адзін з санетаў Янкі Купалы.
Дыктоўку яе ўдзельнікам 15 сакавіка зачытвала выкладчыца беларускай мовы больш чым з 30-гадовым стажам з Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва, намеснік старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч. У якасці тэксту была выбрана прадмова Францішка Багушэвіча да яго кнігі “Дудка беларуская”.
Ініцыятар агульнанацыянальнай дыктоўкі, палітолаг Уладзімір Падгол сказаў:
- Гэта падзея — дэманстрацыя таго, што беларускую мову любяць, шануюць і што яна жывая. І гэта толькі першае мерапрыемства агульнанацыянальнай падзеі, якая мае назву “Першая нацыянальная дыктоўка”.
Ён нагадаў, што масавая дыктоўка пройдзе таксама 23 сакавіка, паведамляе БелаПАН. “Я ведаю, што 21 сакавіка падобная дыктоўка адбудзецца ў Вільнюсе ў будынку Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта і ў іншых краінах, у тым ліку ў Латвіі і Венгрыі”, — распавёў Падгол.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў зазначыў, што гэта мерапрыемства чарговы раз паказвае, што ХХІ стагоддзе — гэта не толькі век глабалізацыі, але і век развіцця рэгіянальных культур і моў.
- Беларусь стала настолькі вядомай краінай, што яе самабытную мову ўшаноўваюць і ў суседніх краінах, і ў далёкіх еўрапейскіх краінах, і ў ЗША. Выстаяўшы перад усімі выпрабаваннямі, беларуская мова не толькі захавалася, але і развіваецца паводле сваіх законаў, якія ніякія ўлады не змогуць адмяніць.
Кіраўнік аддзялення ў Мінску пасольства Швецыі ў Маскве Стэфан Эрыксан зазначыў, што вельмі любіць беларускую мову і ўзяў удзел у гэтай дыктоўцы, каб паказаць сваё стаўленне да яе.
- Хоць у Швецыі ніколі не стаяла пытанне мовы, але для мяне, як для носьбіта малой еўрапейскай мовы, кожная мова важная і шаноўная. І калі хоць нейкім чынам маё такое стаўленне да беларускай мовы некага натхніць, я буду вельмі задаволены.
Нагадаем, агульнацыянальная дыктоўка па беларускай мове будзе праводзіцца 23 сакавіка кожную гадзіну з 10.00 да 18.00. Яе пераможцы атрымаюць розныя прызы. Фотавыставу матэрыялаў дыктоўкі мяркуецца прадэманстраваць у Беларусі і тых краінах, дзе жывуць беларусы, а таксама экспанаваць у будынку сакратарыята ААН у Нью-Йорку.




