Брат затрыманага 12 сакавіка ў Беларусі амерыканскага юрыста Эмануіла Зельцэра Марк прыкладае намаганні, каб разам з маці прыехаць у нашу краіну.
“Я папрасіў даць кароткатэрміновую візу мне і нашай з Эмануілам маме, каб пабачыцца з ім. Адказу пакуль не атрымаў”, - распавёў Рацыі Марк Зельцэр.
Што тычыцца прычынаў затрымання брата, то Марк Зельцэр дзівіцца: “Не ведаю, што мог паспець парушыць Эмануіл, спускаючыся з трапу самалёта. Дагэтуль у Беларусі ён ні ніколі не быў”.
Марк Зельцэр таксама паведаміў, што прадстаўнікі амерыканскага пасольства ў Беларусі дасюль не сустрэліся з ягоным братам. Але пасольства Беларусі ў Вашынгтоне, куды ён звяртаўся, паабяцала, што такая сустрэча неўзабаве адбудзецца.
Кастусь ВАНСЯЦКІ




