Лідар руху “За Свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч гатовы напісаць ліст у беластоцкую пракуратуру і падтрымаць Ануфры Рамановіча – былога прадпрымальніка з Віцебска, які папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы.
“Я яго ведаю як змагара і абаронцу правоў чалавека, я перакананы, што яго справа мае палітычны характар”, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
З 6 сакавіка гэтага году Ануфрый Рамановіч знаходзіцца пад вартай у Беластоку. Беларускі бок выступіў з патрабаваннем экстрадыцыі Рамановіча, абвінавачваючы яго ў невыплаце падаткаў.
Абаронца Рамановіча Ёвіта Грахоўска сказала Рацыі, што неўзабаве Беластоцкі суд будзе разглядаць справу - ці выдаць Рамановіча. Тым часам на 2 красавіка прызначаны суд у справе датэрміновага вызвалення Рамановіча з-пад арышту.
Ануфрый Рамановіч перад выездам з Беларусі быў прадпрымальнікам і дапамагаў Фонду імя Льва Сапегі ў Віцебску. На ягоным заводзе працаваў палітвязень Павал Севярынец. Праблемы ў прадпрымальніка пачаліся ў 2000 годзе, калі вырашыў ён балатавацца на парламенцкіх выбарах. З таго часу пачаліся ператрусы ў ягонай кватэры, а фірма пастаянна кантралявалася-правярался.
Апрача суду аб экстрадыцыі, Ануфрый Рамановіч чакае рашэння ў справе надання яму статусу палітычнага ўцекача ў Польшчы.
Валянціна ЛАЕЎСКАЯ




