Рада "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" заявіла аб пагрозе далейшаму існаванню гэтай арганізацыі. У сваім звароце да грамадзян яна паведамляе, што ад 24 сакавіка ўступае ў сілу ўказ прэзідэнта, у адпаведнасці з якім істотна падвышаецца памер арэнднай платы для большасці грамадскіх недзяржаўных арганізацый, якія не займаюцца камерцыйнай дзейнасцю.
Цяпер за памяшканне сталічнага офіса па вуліцы Румянцава, 13 ТБМ трэба будзе плаціць 846,5 еўра на месяц. У выніку з-за падвышэнні арэнднай платы ў нашай краіне можа спыніць сваю дзейнасць больш за тысячу грамадскіх аб'яднанняў. Рада ТБМ, з аднаго боку, просіць сваіх прыхільнікаў прысылаць ахвяраванні, з іншага - заклікае людзей пісаць лісты ў дзяржаўныя органы з патрабаваннем захаваць больш нізкі каэфіцыент на аплату арэнды памяшканняў для ўсіх недзяржаўных і некамерцыйных грамадскіх арганізацый.




