Заўтра аб 11:00 у пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна адбудзецца збор-пікет мясцовых жыхароў супраць будаўніцтва завода ядахімікатаў. Гэты праект ініцыюе расійскае акцыйнернае таварыства “Аўгуст" і абяцае інвеставаць 35 мільярдаў рублёў у стварэнне завода па выпуску хімічных сродкаў абароны раслін.
Будаўніцтва павінна пачацца ў бліжэйшы час, паколькі праект ухвалены беларускім урадам. Аднак мясцовыя жыхары выступаюць супраць з'яўлення такога прадпрыемства. У пасёлку "Дружны" жыве шмат перасяленцаў з чарнобыльскай зоны, якіх турбуюць наступствы для экалогіі, піша “Народная воля”. Да таго ж мясцовыя актывісты распаўсюдзілі адмоўнае заключэнне Акадэміі навук па праекце. У ім, у прыватнасці, пазначаецца, што у Беларусі існуе анагалічная вытворчасць, а па-другое, ЗАТ “Аўгуст” прадукуе пестыцыды на сваім заводзе ў Кітаі. У выніку гэтая прадукцыя можа завозіцца ў нашую краіну і потым маркіравацца як “Зроблена ў Беларусі”.




