22-03, 12:30

Агульнабеларуская дыктоўка ў ЕГУ

Прыгадаць, як пішуцца дыктоўкі, давялося ўчора літоўскім беларусам і студэнтам Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту ў Вільнюсе.

Тэкст "Прадмовы" да "Дудкі Беларускай" Францішка Багушэвіча прысутным старанна дыктаваў арганізатар праверкі ведаў Алег Грубіч.

Ад стандартнага гуказапісу тэксту вырашылі адмовіцца. На думку Алега Грубіча, жывы кантакт з аўдыторыяй лепшы за награнае чытанне. Арганізатар падкрэсліў душэўнасць атмасферы імпрэзы, яе святочнасць. На ягоную думку, "вельмі сімвалічна, што на сваёй гістарычнай зямлі беларусы разам сабраліся і напісалі святыя для кожнага беларуса словы".

У агульнанацыянальным свяце розуму і інтэлекту бралі ўдзел дэпутат літоўскага парламента Вацлаў Станкевіч, гісторык Сяржук Вітушка, дырэктар Віленскага музею імя Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс і іншыя.

Вацлаў Станкевіч вырашыў не здаваць сваёй працы – пакінуў тэкст сабе на памяць. Ён заклікаў беларускіх палітыкаў, чыноўнікаў і грамадства карыстацца сваёй мовай. На думку палітыка, гэта - і будучыня, і незалежнасць Беларусі. Ён падкрэсліў, што без мовы, без культуры, без сваіх каранёў Беларусь не ўтрымае незалежнасці.

Сяржук ГАЎРЫЛЕНКА
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя