22-03, 20:50

У Мінску адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 65-годдзю хатынскай трагедыі

22 сакавіка ў Мінску адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 65-годдзю хатынскай трагедыі.

Каля мемарыяла "Яма", узведзенага ў памяць ахвяраў Халакоста, сабраліся прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, прадпрыемстваў і ўстаноў сталіцы.

Адкрываючы мітынг, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў нагадаў, што 22 сакавіка 1943 года фашысты дашчэнту спалілі вёску Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці са 149 дзецьмі, старымі і жанчынамі. Паводле яго слоў, трагедыю Хатыні перажылі 628 беларускіх вёсак, з якіх 186 згарэлі з людзьмі і не адрадзіліся да жыцця. "Гэтая трагедыя асабліва востра адчуваецца на мемарыяле "Яма", дзе 2 сакавіка 1942 года былі знішчаны 5 тысяч дзяцей, старых, жанчын і мужчын толькі за тое, што яны былі яўрэямі", — сказаў М.Ціцянкоў.

Паводле слоў першага намесніка старшыні Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Міхаіла Жукоўскага, ніяк нельга патлумачыць спробы ЗША і краін Заходняй Еўропы "падвергнуць астракізму, ізаляваць і ўшчаміць краіну, увесці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі", якая панесла вялікія людскія страты ў гады Вялікай Айчыннай вайны і па ўласнай ініцыятыве вывела са сваёй тэрыторыі ядзернае ўзбраенне.

Былая вязніца Уздзенскага і Мінскага гета Сіма Марголіна звярнула ўвагу на тую акалічнасць, што трагічная дата гібелі беларускай вёскі Хатынь упершыню адзначаецца на мемарыяле "Яма". Яна лічыць, што такая гуманная і інтэрнацыянальная акцыя з'яўляецца "сапраўднай гарантыяй таго, што ў Беларусі больш ніколі не паўторыцца трагедыя генацыду".

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да мемарыяла "Яма" і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых суграмадзян. //БелаПАН

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя