Акцыя па правядзенні I агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечаная 90-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, "залатымі літарамі ўпісана ў найноўшую гісторыю Беларусі". Пра гэта заявіў старшыня грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) Алег Трусаў.
Паводле яго слоў, гэтая акцыя скіравана на пераўтварэнне "тутэйшага" насельніцтва краіны ў сучасную беларускую нацыю, якая пачула і адкрыла для сябе словы класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, напісаныя ў 1891 годзе. "І самае важнае для кожнага ўдзельніка дыктоўкі — захаваць яе тэкст у сямейным архіве для нашчадкаў, якія праз гады будуць ганарыцца ўдзелам сваіх продкаў у справе беларускага нацыянальнага Адраджэння", — падкрэсліў А.Трусаў. Паводле яго меркавання, неўзабаве настане час, калі агульнанацыянальную дыктоўку, якую плануюць зрабіць штогадовай, у ліку першых будзе пісаць прэзідэнт Беларусі разам з урадам.
23 сакавіка ў мінскай штаб-кватэры ТБМ дыктоўка праводзілася ад 11.00 да 15.00. Як паведаміла першы намеснік старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч, з 32 чалавек, якія пісалі дыктоўку ў першай групе, самаму малому было тры гады і восем месяцаў, самаму сталаму — 82 гады.
"Тэкст дыктоўкі — прадмова да кнігі Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская" — складаецца з 301 слова. Гэты тэкст быў напісаны на беларускай зямлі, а апублікаваны ў Кракаве (Польшча), бо на радзіме беларуская мова была забаронена. Сёння ўдзельнікі дыктоўкі пішуць гэты тэкст на беларускай зямлі легальнай мовай, якая да таго ж з'яўляецца і дзяржаўнай, а такіх моў на зямлі ўсяго 300 з пяці тысяч, што сведчыць пра сілу і жывучасць беларускай мовы", — сказала Л.Дзіцэвіч.
Паводле яе слоў, ад удзельнікаў дыктоўкі зыходзіла "жаданне пісаць, удзельнічаць у гэтым свяце, адчуванне святасці, натхнёнасці і ўрачыстасці падзеі". "Сваім удзелам у акцыі беларусы замацавалі факт адраджэння роднай мовы", — падкрэсліла намеснік старшыні ТБМ. //БелаПАН




