24-03, 18:20

Паўсотні жанчын просяць забраць прэмію ў старшыні Вярхоўнага суда

Больш за 50 беларускіх жанчын просяць ануляваць узнагароджанне старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы прэміяй Маскоўскага клуба юрыстаў "Феміда" за 2007 год. Пра гэта гаворыцца ў адкрытай адозве групы жанчын з розных рэгіёнаў Беларусі, якія пацярпелі ад асабліва цяжкіх злачынстваў, сваячак асуджаных і не згодных з вырашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах. 

Адозва, пад якой стаяць подпісы 51 жанчыны, адрасавана Маскоўскаму клубу юрыстаў, а таксама Міжнароднаму саюзу юрыстаў (Масква) і Беларускаму рэспубліканскаму саюзу юрыстаў, які вылучыў кандыдатуру В.Сукалы на ўзнагароджанне.

У адозве, у прыватнасці, паведамляецца, што 16 лютага 2008 года газета "Советская Белоруссия" назвала ўручэнне прэміі "Феміда" старшыні Вярхоўнага суда В.Сукалу "сур'ёзным прафесійным прызнаннем высокай якасці работы беларускай судовай сістэмы". Аўтары адозвы не згодныя з такой "неаб'ектыўнай ацэнкай работы" айчынных судоў. "З органа, які вырашае канфлікты на падставе закона, беларуская судовая сістэма ператварылася ў орган, які стварае напружанасць у грамадстве", — падкрэсліваецца ў адозве.

Яе аўтары прыкладаюць матэрыялы па шасці справах, што прайшлі ўсе судовыя інстанцыі краіны, у тым ліку і Вярхоўны суд. Сярод іх справа жыхара Салігорска (Мінская вобласць) Аляксандра Буд-Гусаіма, пажыццёва асуджанага за забойства егера, жыхара вёскі Мінойты Лідскага раёна Гродзенскай вобласці Раміза Мамедава, асуджанага на 24 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за забойства стрыечнай сястры, а таксама справа мінчанкі Галіны Юбко, якая спрабавала прыцягнуць да адказнасці загадчыка прыёмнай Адміністрацыі прэзідэнта Пятра Катушкіна за паклёп.

Трэба зазначыць, што нядаўна гэтая ж група жанчын звярталася да прэзідэнта з прапановай "прыняць неадкладныя меры ў дачыненні да кіраўніцтва Вярхоўнага суда". //БелаПАН

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя