У Светлагорскім райвыканкаме праходзіць разбор па заяве Беларускай супольнасці людзей, якія жывуць з ВІЧ, аб выдаванні дыягназу "ВІЧ" у Светлагорску (Гомельская вобласць). Пра гэта паведаміла загадчыца аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Лілія Мялешка на прэс-канферэнцыі ў Мінску 26 лістапада. Яна падкрэсліла, што цяпер высвятляецца, ці сапраўды і на якім узроўні адбылася ўцечка інфармацыі, ці была яна наўмыснай.
Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларуская супольнасць людзей, якія жывуць з ВІЧ" (ЛЖВ) звярнулася да старшыні Светлагорскага райвыканкама, начальніка аддзела адукацыі, а таксама раённага пракурора з просьбай прыняць "экстраныя меры па прадухіленні неправамернага выдавання ўрачэбнай тайны, а іменна меры па недапушчэнні выдавання дыягназу "наркаманія" і спадарожнага — "ВІЧ". Пры гэтым начальнік аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама Людміла Вялічка заявіла БелаПАН, што інфармацыю пра дыягназ "ВІЧ" ніхто не збіраў і не раскрываў.
Лілія Мялешка выказала думку, што ў Беларусі больш талерантнае стаўленне да ВІЧ-інфікаваных у параўнанні з іншымі краінамі. Яна падкрэсліла, што медыцынская дапамога ВІЧ-пазітыўным аказваецца з выкананнем канфідэнцыяльнасці.
Каардынатар Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІД (ЮНЭЙДС) у Рэспубліцы Беларусь Элеанора Гваздзёва мяркуе, што трэба разабрацца ў тым, што здарылася. Гэта важна перш за ўсё для людзей, якія жывуць у горадзе, сказала яна, паколькі, "калі гэта ўсё ж адбылося, то не павінна паўтарыцца".
Гваздзёва паведаміла, што сёлета тэма Сусветнага дня барацьбы са СНІД (1 снежня) — "Усеагульны доступ да прафілактыкі, догляду, лячэння і падтрымкі ў сувязі з ВІЧ-інфекцыяй і правы чалавека".
На забеспячэнне правоў ВІЧ-інфікаваных грамадзян на лячэнне, догляд, падтрымку, прафілактыку і інфармацыю ў 2008 годзе, паводле слоў Гваздзёвай, у Беларусі з бюджэту было выдаткавана каля 70 млрд. рублёў.
Значную падтрымку аказвае і праект "Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІД у Рэспубліцы Беларусь", які фінансуецца Глабальным фондам па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. Прафілактычнымі праграмамі ў межах гэтага фонду ахоплена ад ацэначнай колькасці больш як 57% спажыўцоў ін'екцыйных наркотыкаў, 43% жанчын секс-бізнесу і 23% мужчын, якія маюць секс з мужчынамі. Гваздзёва падкрэсліла, што да пачатку праекта ў 2004 годзе гэтыя групы насельніцтва не былі ўцягнуты ў прафілактычны працэс.
Права на лячэнне ВІЧ-інфікаваных у асноўным таксама забяспечваецца са сродкаў праекта, паведамляе БелаПАН








Каментары