"У рамках ініцыятывы беларускіх школ магчымае пашырэнне партнёрства паміж краінамі ў будучым" — такое меркаванне выказаў каардынатар Цэнтральнага ўпраўлення па справах школьнай адукацыі за мяжой (ZfA) ФРГ Рольф Хофман 13 мая ў Мінску на ўручэнні дыпломаў вышэйшай ступені па нямецкай мове беларускім школьнікам.
Р.Хофман выказаў надзею, што ў будучым не менш чым у чатырох школах Беларусі змогуць працаваць настаўнікі з Германіі. У прыватнасці, у верасні настаўніца з Германіі ўпершыню пачне падрыхтоўку вучняў да экзамену на дыплом па нямецкай мове ў гродзенскай сярэдняй школе № 17. “Я рады будучаму супрацоўніцтву з новымі настаўнікамі і школамі, накіраванаму на дабрабыт нашай моладзі і нашых краін", — заявіў Р.Хофман.
Дыпломы вышэйшай ступені па нямецкай мове прысуджаюцца беларускім школьнікам з 1999 года. Сёлета іх удастоены 49 школьнікаў з Мінска і Брэста. На ўручэнні дыпломаў Р.Хофман зазначыў, што дыпломы вышэйшай ступені па нямецкай мове — гэта "шанс на будучыню ў свеце, які аб'ядноўваецца".
Часовы павераны ў справах Германіі ў Беларусі Фрыд Нільзэн адзначыў высокі ўзровень валодання нямецкай мовай і стараннасць беларускіх школьнікаў, удастоеных дыпломаў. //БелаПАН





