У Мінску з 15 па 31 мая пройдзе акцыя "Беларусь супраць тытуню". Пра гэта на прэс-канферэнцыі 14 мая паведаміў галоўны ўрач гарадскога цэнтра здароўя Іван Тарашкевіч.
Паводле яго інфармацыі, у межах акцыі пройдуць круглыя сталы ў медыцынскіх і адукацыйных установах сталіцы, "антытытунёвая дыскатэка" ў клубе "Макс-шоу", канферэнцыі, выстава дзіцячага малюнка, свята "Спартландыя", лёгкаатлетычны крос і іншыя мерапрыемствы.
Паводле слоў І.Тарашкевіча, у Мінску курыць 51% дарослага насельніцтва. "Але гэтая акцыя павінна быць скіравана на дзяцей і падлеткаў, " - зазначыў І.Тарашкевіч. Так, даследаванні паказалі, што сярод вучняў 1-4-х класаў курыць 1%, 5-8-х — 15,2%, старэйшых класаў - да 30%.
Апрача таго, паводле меркавання галоўнага ўрача, кожнаму вакол сябе трэба ствараць бяздымнае асяроддзе. Ён нагадаў, што ў Беларусі прыняты шэраг заканадаўчых актаў, скіраваных на барацьбу з курэннем. Так, забаронена курэнне ва ўстановах культуры, аховы здароўя, адукацыі, у вестыбюлях і месцах агульнага карыстання шматкватэрных жылых дамоў.
Паводле меркавання спецыяліста, у кожным працоўным калектыве кіраўнік павінен стварыць умовы для абароны тых, хто не курыць, ад курцоў, у цягніках павінны быць вагоны для тых, хто не курыць. //БелаПАН





