Віктар Хурсік на ўласным аўто выехаў у Старыя Дарогі, адкуль яму даслалі позву ў суд. Яго мусілі судзіць удзел у несанкцыянаваным усталяванні крыжа ў памяць ахвяраў партызанскай аперацыі 14 красавіка 1943 г.
Па словах гісторыка Яўгена Анішчанкі, якому Хурсік паспеў патэлефанаваць, у слухаўку было чутна, як на рукі краязнаўцы начапілі кайданкі. Ён паспеў сказаць, што яго арыштавалі на 15 сутак. Пакуль няясна, дзе затрымалі Хурсіка — у Старых Дарогах ці ў Дражна, і ці адбыўся над ім суд.
Паводле сп. Анішчанкі, праваслаўны святар айцец Леанід (Акаловіч) цяпер вымушаны хавацца, а яго родных увесь час турбуюць пытаннямі пра яго месцазнаходжанне.
Нагадаем, што ўсталяваны 19 красавіка 2008 году крыж быў выкапаны невядомымі праз чатыры дні. Палітыку Вячаславу Сіўчыку, які таксама прысутнічаў у часе ўсталявання крыжа, далі 15 сутак арышту. Яму інкрымінавалі "арганізацыю кіламетровай калоны са сцягамі" ў Старых Дарогах. //"Наша ніва"




