15-05, 17:22

У Вільнюсе памоляцца за горад па-беларуску

Пра гэта паведаміла мясцовая паэтка Таццяна Дубавец.

У Вільнюсе аднаўляецца старая традыцыя песнямі і малітвамі дзякаваць Святой Дзеве Марыі за клопат пра горад. Стараннямі супольнасці Віленскай парафіі Святой Тэрэзы, якая рупіцца пра Вострабрамскую святыню, сёлета 16, 17 і 18 траўня ў Вострай браме пройдуць дні “Малітвы за Вільнюс”. Другі дзень гэтай урачыстасці прысвечаны малітвам за адзінства горада Вільнюса і ўзаемную павагу між ягонымі жыхарамі. Менавіта таму ў Вострай браме прагучаць малітвы да Дзевы Марыі на мовах народаў, якія насяляюць літоўскую сталіцу.

Сярод іх будзе і малітва на беларускай мове, словы якой напісала Тацяна Дубавец:

- Горад наш, які ёсць у нябёсах, што памятаюць пра пакутнікаў, творцаў, герояў: Антоній, Яўстах, Іаан, Скарына Францішак, Каліноўскі Кастусь, ксёндз Станкевіч Адам, і Луцкевічы, і Аляхновіч. Горад наш, які ёсць на зямлі, а зямлёю якога існуе, хто належыць табе, і цябе сатварае, табою сатвораны будзе. Дай нам мудрасці, горад, вызначыць межы і месца сваё беларускае роўна з Табою на адлегласьці мары прасветлай. Дай нам голасу чыстага славіць імя тваё, горад, тут, цяпер, і далёка, і блізка, і заўтра, і потым, і вечна - Вільня.

Травень – час, калі Дзева Марыя тут асабліва шануецца. Маці Божая Вострабрамская вядомая ва ўсім свеце як ліцвінскі і, найперш, віленскі сімвал. Першыя ўрачыстыя малітвы да Дзевы Марыі прагучалі 18 траўня 1706 года пасля Віленскага пажару. Так распачалася прыгожая традыцыя, калі штогод збіраліся ўсе гарадскія аркестры і з ранку да вечара гралі для Святой Дзевы Марыі чароўныя мелодыі.

Сяржук ГАЎРЫЛЕНКА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя