На працягу 2008 года ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі адкрыюцца хоспісы, паведаміў намеснік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі Уладзімір Ісаеў. Цяпер у абласцях вядзецца праца па падборы памяшканняў і персаналу для хоспісаў.
У.Ісаеў лічыць, што стварэнне хоспісаў у Беларусі з'яўляецца вельмі актуальным, паколькі "сістэма аказання паліятыўнай дапамогі ў краіне пакуль неразвіта".
У Беларусі працуюць усяго тры хоспісы. У Мінску бальніца паліятыўнага догляду для дарослых "Хоспіс" на 30 месцаў аказвае дапамогу анкалагічным хворым у сітуацыі, калі магчымасці пасляпухліннага лячэння абмежаваныя або вычарпаныя. На думку У.Ісаева, у сталіцы ёсць патрэба больш чым у 500 месцах для хворых у хоспісе. Яшчэ два хоспісы — у Мінску і Магілёве — прызначаны для дзяцей і з'яўляюцца грамадскімі дабрачыннымі арганізацыямі.
"Тры хоспісы на ўсю краіну –– гэта кропля ў моры, першыя крокі ў аказанні паліятыўнай дапамогі", –– зазначыў У.Ісаеў. Дэпутат таксама выказаў меркаванне, што паліятыўная дапамога не павінна зводзіцца толькі да падтрымкі анкалагічных хворых, як гэта пакуль адбываецца. "У ёй таксама маюць патрэбу іншыя хворыя –– пасля інсульту, якія пакутуюць на рассеяны склероз, псіхічныя захворванні і г.д. Безумоўна, у адзін момант сітуацыю змяніць немагчыма. Аднак трэба імкнуцца да таго, каб і такім хворым аказвалася дастойная паліятыўная падтрымка на дзяржаўным узроўні", –– падкрэсліў У.Ісаеў.
Па вызначэнні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, паліятыўная дапамога –– гэта ўсебаковае і свеочасовае выяўленне і вырашэнне праблем, якія нясе з с абою невылечнае захворванне: аблягчэнне болю і іншых праяўленняў хваробы, аказанне псіхалагічнай, сацыяльнай і духоўнай падтрымкі. Галоўнай мэтай з'яўляецца паляпшэнне якасці жыцця хворага і яго сваякоў. //БелаПАН




