19-05, 16:36

Частка журналістаў “Рацыі” падтрымала крытычны ліст палітыкаў

Атрымала працяг гісторыя з лістом палітыкаў Зміцера Дашкевіча (“Малады фронт”), Ігара Рынкевіча (БСДП) і Алеся Міхалевіча (Партыя БНФ) да міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага.

У тым пасланні рэзка крытыкавалася праца “Еўрарадыё”, радыё “Рацыя” і тэлеканалу “БелСат”, што вяшчаюць на Беларусь з-за Буга. Хаця неўзабаве намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч вырашыў за лепшае выбачыцца перад супрацоўнікамі раскрытыкаваных СМІ.

Частка журналістаў радыё “Рацыя”, што працуюць у Беластоку, падтрымалі ліст палітыкаў. А 15 траўня ў беластоцкай рэдакцыі адбыўся сход супрацоўнікаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі.

Некаторыя журналісты прызналі, што тэкст ліста на імя Р. Сікорскага адпавядае сапраўднаму стану рэчаў, а сітуацыя на радыё “Рацыя” патрабуе тэрміновых зменаў.

“Больш чым за два гады існавання радыёстанцыі яе кіраўніцтва так і не здолела прадставіць калектыву канцэпцыі вяшчання. Прававы статус беларускіх грамадзян - супрацоўнікаў “Рацыі” - у Польшчы застаецца няпэўны”, - адзначаюць яны.

Журналісты падтрымалі прапанову абраць на пасады праграмнага дырэктара, кіраўніка службы інфармацыі, галоўнага рэдактара і рэдактара вяшчання ў Беластоку беларускіх грамадзян ды запрапанавалі свой спіс медыя-прафесіяналаў, адзначае прэс служба “Маладога фронту”.

У нядзелю некалькі слоў пра працу радыёстанцый і ліст палітыкаў Сікорскаму было сказана і ў выніковай перадачы “Панарама тыдня” на БТ. Каментар быў у звыклай для тэлеканалу здзеклівай і іранічнай форме. Кшталту, “апазіцыянеры скардзяцца на іншапланетнікаў”. Мелася на ўвазе фраза Змітра Дашкевіча, што радыёстанцыі вяшчаюць у космас.

Варта адзначыць, што многія журналісты, сярод якіх аўтары самых рэйтынгавых праграмаў, ліст не падпісалі. //“Наша ніва”
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя