30-06, 14:22

У Беларусі павысяць сацыяльныя пенсіі

У адпаведнасці з дэкрэтам нумар 12 у Беларусі з 1 ліпеня павялічваюцца памеры сацыяльных пенсій і спрашчаецца парадак іх вылічэння (у працэнтах ад бюджэту пражытачнага мінімуму, што будзе адпавядаць парадку вылічэння ўсіх іншых сацыяльных выплат).

Як паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, цяпер у рэспубліцы налічваецца каля 50,3 тыс. атрымальнікаў сацыяльных пенсій. Сярэдні памер сацыяльнай пенсіі склаў у маі гэтага года Br129,7 тыс. З-за невысокай пакупной здольнасці сацыяльнай пенсіі яе атрымальнікі адносіліся да самай неабароненай катэгорыі пенсіянераў, падкрэслілі ў міністэрстве.

Першы крок па ўзмацненню матэрыяльнага забеспячэння пенсіянераў, якія атрымліваюць сацыяльныя пенсіі, быў зроблены ў 2005 годзе, калі ў адпаведнасці з указам нумар 510 да гэтых пенсій былі ўстаноўлены даплаты. Рэалізацыя дэкрэта нумар 12 дасць магчымасць істотна павысіць узровень пенсіённага забеспячэння ў першую чаргу самых сацыяльна неабароненых непрацаздольных грамадзян. Бо цяпер ніжняя планка памеру сацыяльнай пенсіі ўстаноўлена на ўзроўні не ніжэйшым за 50 працэнтаў пражытачнага мінімуму (гэты сацыяльны нарматыў у маі-ліпені 2008 года складае Br209 тыс. 680).

Сацыяльныя пенсіі ўстаноўлены: для інвалідаў першай групы, у тым ліку інвалідаў з дзяцінства - 85 працэнтаў БПМ; інвалідаў з дзяцінства другой групы - 75 працэнтаў; інвалідаў другой групы, дзяцей у выпадку страты карміцеля - 65 працэнтаў (на кожнае дзіця); інвалідаў трэцяй групы - 55 працэнтаў; асоб, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, - 50 працэнтаў; дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў у залежнасці ад ступені страты здароўя - ад 60 да 85 працэнтаў.

Пры ўстанаўленні новых памераў сацыяльных пенсій захаваны катэгарыйны падыход (у залежнасці ад інваліднасці, страты карміцеля, дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту).

Дадатковыя расходы з рэспубліканскага бюджэту на выплату сацыяльных пенсій у новым памеры складуць Br1,1 млрд. у месяц, паведамляе БЕЛТА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя