Каскад новых гідраэлектрастанцый будзе ўзведзены ў бліжэйшыя гады на Дняпроўска-Бугскім канале. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення марскога і рачнога транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Браніслаў Гавароўскі.
Паводле яго слоў, у ліпені плануецца ўвесці ў эксплуатацыю першую з гэтага каскада гідраэлектрастанцыю.
"У далейшым мы маем намер будаваць на вузлах Дняпроўска-Бугскага воднага шляху штогод па адной ГЭС, - сказаў Браніслаў Гавароўскі. - Праект прадугледжвае стварэнне пяці такіх аб'ектаў".
Новыя гідраэлектрастанцыі дадуць магчымасць поўнасцю задаволіць патрэбнасці ўсіх арганізацый воднага транспарту ў электраэнергіі. Выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц энергіі дапаможа скараціць расходы на традыцыйныя віды паліва.
"Разам з эканамічнымі мы зможам вырашыць і экалагічныя праблемы, таму што работа гідраэлектрастанцый не суправаджаецца выкідамі ў навакольнае асяроддзе шкодных рэчываў", - дадаў спецыяліст, паведамляе БЕЛТА.





