На Лідскай ЦЭЦ у жніўні бягучага года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю газатурбінную ўстаноўку магутнасцю 25 МВт, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у РУП "Гроднаэнерга".
Паводле слоў спецыялістаў прадпрыемства, асноўная частка новага абсталявання на Лідскай цеплаэлектрацэнтралі ўжо ўстаноўлена. Так, зманціравана газавая турбіна вытворчасці Самарскага навукова-тэхнічнага комплексу імя Кузняцова, кацёл-утылізатар (пастаўшчык - Барнаульскі завод кацельнага абсталявання). Вядзецца ўстаноўка даціскальнай кампрэсарнай станцыі, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Паралельна на асобных вузлах абсталявання пачаты пусканаладачныя работы.
Рэалізацыя праекта ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дзяржаўнай комплекснай праграмай мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў беларускай энергасістэмы. Яго фінансаванне вядзецца за кошт уласных сродкаў і рэсурсаў інавацыйнага фонду Мінэнерга.
Устаноўка на Лідскай ЦЭЦ турбіны магутнасцю 25 МВт - другая чарга рэканструкцыі станцыі (у 2006 годзе тут устаноўлена паравая турбіна 12 МВт). У цэлым у выніку двух этапаў тэхпераўзбраення агульная магутнасць ЦЭЦ павялічыцца да 43 МВт. Станцыя зможа поўнасцю забяспечваць патрэбнасць Лідскага раёна ў электраэнергіі, паведамляе БЕЛТА.






