Паводле звестак Міністэрства адукцыі, пераход з 12-гадовага на 11-гадовае навучанне ў сярэдняй школе не выклікаў скарачэння педагагічных кадраў. Пра гэта паведаміў 28 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно.
Паводле яго слоў, "апасенні наконт гэтага былі, тым не менш гэтага не здарылася". Намеснік міністра зазначыў, што такой сітуацыі ў многім садзейнічала пераразмеркаванне нагрузак школьных настаўнікаў і новы падыход да факультатываў у школе, сістэма правядзення якіх змянілася. "Правядзенне факультатываў будзе аплачвацца настаўнікам гэтак жа, як і звычайныя гадзіны выкладання прадметаў у школе", –– патлумачыў К.Фарыно.
Паводле ацэнкі Мінадукацыі, педагагічная нагрузка ў новым навучальным годзе ў агульнаадукацыйных установах краіны складзе 1,1 стаўкі. К.Фарыно таксама паведаміў, што ў школы накіравана 5,4 тыс. маладых спецыялістаў. "Усе яны працаўладкаваны і пачалі працаваць", –– сказаў намеснік міністра.
Паводле інфармацыі Мінадукацыі, вышэйшую і сярэднюю кваліфікацыйную катэгорыю маюць амаль 83 тыс. беларускіх настаўнікаў (69,3%), што на 1,2 тыс. больш, чым летась, паведамляе БелаПАН.






