"Узровень інавацыйнасці ў Беларусі дастатковы" — такую думку выказаў дырэктар бізнес-школы Інстытута прыватызацыі і менеджменту (ІПМ) Павел Галенчанка 21 лістапада ў Мінску на канферэнцыі "Топ-менеджмент: сіла інавацый".
Паводле яго слоў, інавацыйны патэнцыял краіны вызначаецца наступнымі фактарамі: здольнасцю кампаній і дзяржавы ў цэлым распрацоўваць інавацыйныя тэхналогіі; якасцю працы навукова-даследчых інстытутаў; расходамі кампаній на навуковую дзейнасць; узроўнем супрацоўніцтва вучоных і прамысловасці; аб'ёмам дзяржзакупак высокатэхналагічных прадуктаў; колькасцю патэнтаў.
"Папярэдні аналіз гэтых фактараў прыводзіць да высновы, што Беларусь — не лепшая і не горшая краіна па ўзроўні інавацыйнасці", — зазначыў П.Галенчанка.
Ён паведаміў, што бізнес-школа ІПМ звярнулася да арганізатараў Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе з просьбай ўключыць Беларусь у рэйтынг канкурэнтаздольнасці 2009 года. Такі рэйтынг складаецца штогод, у 2007 годзе ў яго ўвайшлі 134 краіны.
Сусветны эканамічны форум, таксама вядомы як Давоскі форум, — найбуйнейшая міжнародная няўрадавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Жэневе. Яго арганізатары штогод складаюць сусветны рэйтынг канкурэнтаздольнасці эканомікі. Дзяржавы ранжыруюцца ў адпаведнасці са ступенню іх канкурэнтаздольнасці ў межах глабальнай эканомікі. Крытэрыем ацэнкі з'яўляецца індэкс глабальнай канкурэнтаздольнасці, які складзены з 12 элементаў: якасць працы інстытутаў, інфраструктура, макраэканамічная стабільнасць, здароўе і пачатковая адукацыя, вышэйшая адукацыя і прафесійная падрыхтоўка, эфектыўнасць рынку тавараў і паслуг, эфектыўнасць рынку працы, развітасць фінансавага рынку, тэхналагічны ўзровень, памер рынку, канкурэнтаздольнасць кампаній і інавацыйны патэнцыял, паведамляе БелаПАН.







Каментары