Павышэнне коштаў закранулі некалькі прэстыжных ВНУ краіны – БДУ, БГЭУ і БНТУ. У шматлікіх іншых вучэбных установах павышэння аплаты чакаюць у канцы вучэбнага года.
Для некаторых студэнтаў навіна стала ўдарам. У сярэднім кошты навучання ў тым жа БДУ і эканамічным універсітэце павысіліся на 20%.
“Новыя кошты на навучанне зацвердзілі з першага лістапада, – паведамілі у бухгалтэрыі БДУ. – У пачатку гэтага тыдня быў падпісаны загад аб павышэнні аплаты. Кошты павысіліся на ўсіх факультэтах, у сярэднім на 20 адсоткаў”.
У бухгалтэрыі растлумачылі, што павысіць поплатак за навучанне было неабходна для таго, каб выплаціць зарплаты выкладчыкам.
“З першага лістапада павялічылася тарыфная стаўка першага разраду для бюджэтных арганізацый, – працягваюць тлумачыць у бухгалтэрыі. – Так у нас павялічваюцца зарплаты выкладчыкам, а яны ўключаныя ў кошт навучання”.
На такіх факультэтах БДУ, як філасофіі і сацыяльных навук, міжнародных адносін, журналістыкі кошт дзённага навучання ўзляцела на 500-600 тысяч беларускіх рублёў.
У іншых прэстыжных ВНУ патлумачылі:
“Як? Аплата ўжо паднялася! – пакрыўдзіліся на пытанне ў бухгалтэрыі БНТУ. – Значыць так: аплата за год у сярэднім паднялася на 708 тысяч”.
Студэнт-платнік будаўнічага факультэта БНТУ Сяргей распавёў, што шматлікія небагатыя студэнты імкнуцца перавесціся на завочнае аддзяленне – тамака кошты ўдвая меньшыя.
“Кожны год павышэння! Грошы цяпер і так невядома куды дзяюцца, а такую аплату зрабілі – гэта зусім дрэнна, – жаліцца Сяргей. – Лічыцца, чым больш мы будзем плаціць, тым больш нашу адукацыю будуць лічыць еўрапейскай. Але бо гэта не так. Шматлікія студэнты не пацягнуць такую аплату, крэдыт падчас фінансавага крызісу ўзяць таксама няпроста. Некаторыя студэнты паспрабуюць перайсці на завочнае аддзяленне пры першай магчымасці”.
Акрамя БДУ і БНТУ павышэнне аплаты адбылося і ў эканамічным універсітэце (БГЭУ).
Поплатак за навучанне паднялі і ў некаторых іншых універсітэтах, але на больш прымальную суму.
“Так, аплата павялічылася на тысяч сто-дзвесце, гледзячы які факультэт”, - паведамілі ў прыёмнай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.
Чамусьці павышэнне поплатка за навучанне не закранула некаторыя іншыя прэстыжныя ВНУ, напрыклад, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, медыцынскі ўніверсітэт. Не паднялі аплату і ў рэгіянальных дзяржаўных вну. Студэнты вучэбных устаноў не дзяржаўнай формы ўласнасці таксама пакуль не будуць плаціць больш.
“У нас, напрыклад, на сацыяльнай педагогіцы аплата 906 тысяч, – кажуць у прыёмнай Інстытута сучасных ведаў. – У нас звычайна на павышэнне аплаты навучання загад падпісваецца. Пакуль такога загада ў інстытуце няма”.
У большасці ўніверсітэтаў распавялі, што рэзкага падвышэння аплаты чакаюць у канцы вучэбнага года, паведамляе Хартыя'97.







Каментары