На Пекінскім нацыянальным стадыёне, які яшчэ называецца "Птушынае гняздо", пачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця ХХІХ летніх Алімпійскіх гульняў. На цырымоніі прысутнічае Прэзідэнт Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта краіны Аляксандр Лукашэнка.
Па задуме арганізатараў, маляўнічае шоу стартавала 08.08.08 у 8 гадзін 8 хвілін 8 секунд вечара па мясцовым часе (у 15.08 па беларускім), таму што лічба 8 лічыцца ў жыхароў Паднябеснай шчаслівай.
Праграма цырымоніі, якая прадоўжыцца каля трох з паловай гадзін, складаецца з трох частак. Спачатку - абавязковыя пратакольныя мерапрыемствы, затым ідзе асноўная частка - мастацкае выступленне 15 тыс. выканаўцаў пад назвай "Прыгажосць Алімпізму", якое складаецца з двух аддзяленняў - "Бліскучая цывілізацыя" і "Слаўная эпоха".
Трэцяя частка ўключае парад удзельнікаў спаборніцтваў. Прычым на гэты раз яго прывычны парадак, згодна з якім першай ідзе каманда Грэцыі, потым у алфавітным парадку англійскай мовы ідуць іншыя каманды, а права закрыць парад прадастаўляецца спартсменам краіны-арганізатара, зменены. Калі гонар адкрыць і закрыць парад застаўся, адпаведна, за вынаходнікамі Алімпіяды грэкамі і гаспадарамі кітайцамі, то ўсе астатнія каманды пройдуць у адпаведнасці з колькасцю рысачак у першым з іерогліфаў, якія ўтвараюць назву іх краіны ў кітайскай мове.
Каля 100 прадстаўнікоў спартыўнай Беларусі, на чале са сцяганосцам алімпійскім чэмпіёнам Аляксандрам Раманьковым, выйдуць да трыбун пад 54-м парадкавым нумарам. Усяго у Гульнях прымуць удзел спартсмены з 205 краін планеты.
Пасля завяршэння парада алімпійцаў адбудуцца звароты прэзідэнтаў Міжнароднага алімпійскага камітэта і аргкамітэта Алімпіяды-2008, прынясенне ўрачыстай клятвы спартсменамі і суддзямі, а таксама запальванне алімпійскага агню. Чакаецца, што агонь запаліць выдатны кітайскі гімнаст, трохразовы алімпійскі чэмпіён Лі Нін. Старшыня КНР Ху Цзіньтао аб'явіць аб афіцыйным адкрыцці ХХІХ летніх Алімпійскіх гульняў.
За цырымоніяй адкрыцця Гульняў ва ўсім свеце будуць назіраць амаль 4 млрд. тэлегледачоў, у тым ліку і гледачы Першага канала Беларускага тэлебачання, паведамляе БЕЛТА





