Аператар сотавай сувязі "БелСел" запусціў у эксплуатацыю сетку высакахуткаснай мабільнай перадачы інфармацыі EV-DO Rev.A у Мінску і прыгарадзе, паведаміла прэс-служба кампаніі.
Цяпер праходзіць аптымізацыя настроек і ўнутранае тэставанне сеткі. Тэхналогію Rev.A падтрымліваюць 34 базавыя станцыі (БС) у Мінску.
- Абанентам магчымасць выкарыстання тэхналогіі EV-DO Rev.A мы дадзім афіцыйна ў пачатку верасня, калі пачнем прадаваць мадэмы. Гэта будзе некалькі мадэляў. Як прамысловыя для карпаратыўных карыстальнікаў, так і мабільныя для абанентаў — фізічных асобаў. На другім этапе ўкаранення Rev.A будзе ахоплены Мінскі раён. Пазней паслуга стане даступнай таксама жыхарам абласных гарадоў, — перадае прэс-служба словы генеральнага дырэктара кампаніі Андрэя Саборава. "У найбліжэйшыя паўтара месяца сетка EV-DO будзе пашырана на 24 базавыя станцыі. Абсталяванне атрымана, прайшло мытнае афармленне і знаходзіцца на складах кампаніі. На працягу трох месяцаў сетка павялічыцца яшчэ на 15 базавых станцый з падтрымкай EV-DO. Агульная колькасць БС з падтрымкай EV-DO да лістапада складзе 97. Такім чынам, планы па прадастаўленні паслугі перадачы даных EV-DO у гарадах з насельніцтвам больш за 50 тысяч будуць рэалізаваны да лістапада 2008 года", — дадаў А.Сабораў, паведамляе БелаПАН.
Даведка БелаПАН. EV-DO Rev.A (EVolution Data Only Revision A) — тэхналогія высакахуткаснай мабільнай перадачы даных, што забяспечвае хуткасць да 3,1 Мбіт/с у прамым канале (Download) і да 1,8 Мбіт/с — у адваротным (Upload). Раней у сетцы "БелСел" выкарыстоўвалася тэхналогія EV-DO Rev.0 (да 2,4 Мбіт/с — Download і да 153 кбіт/с — Upload). ТАА СП "БелСел" было ўтворана ў 1992 годзе прадпрыемствамі сувязі Беларусі і брытанскай кампаніяй Cable & Wireless Plc. Сёння заснавальнікамі кампаніі з'яўляюцца CIB BV (Нідэрланды) і РУП "Белтэлекам". У сетцы Diallog працуе 171 базавая станцыя. Пакрыццё аператара на гэты час складае 53,28% тэрыторыі краіны, на якой пражывае 75% насельніцтва, у тым ліку 93,38% — гарадскога.





