14-08, 13:11

Выкарыстанне энергазберагальных тэхналогіяў абмяркоўваецца ў Брэсце

Выкарыстанне энергазберагальных тэхналогій і альтэрнатыўных крыніц энергіі абмяркоўваецца 14 жніўня на абласным семінары ў Брэсце. Ён арганізаваны аддзелам энергетыкі і паліва Брэсцкага аблвыканкама.

Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела Аляксандр Караба, мэта семінара — абмен вопытам працы і вызначэнне перспектыўных кірункаў у сферы энергазберагальных тэхналогій. У мерапрыемстве бяруць удзел намеснікі старшыняў гаррайвыканкамаў, прадстаўнікі галіновых органаў кіравання, шэрагу абласных, раённых арганізацый і прадпрыемстваў.

Удзельнікі семінара азнаёмяцца з працай сонечнага калектара і каскаднай сістэмы для ацяплення будынкаў, устаноўленых на ўнітарным прадпрыемстве "Брэстаблгаз", агледзяць збудаванні ветраўстаноўкі на СП "БелТрансОіл" і кагенерацыйнай устаноўкі на ТАА "Санта Брэмар". Яны таксама азнаёмяцца з працэсам выкарыстання адходаў для вытворчасці энергіі, што дзейнічае на замежным ТАА "Блэк Рэд Уайт".

У межах семінара на базе абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці арганізавана тэматычная выстава абсталявання шэрагу прадпрыемстваў вобласці. Завершыцца семінар пленарным пасяджэннем, дзе будуць падведзены яго вынікі.

Як зазначыў А.Караба, у 2008 годзе гэта ўжо трэці такі семінар у Брэсцкай вобласці, два папярэднія прайшлі ў Бярозаўскім і Драгічынскім раёнах, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя