24 лістапада ў Менску пройдзе круглы стол "Інтэрнет-СМІ: выклікі XXI стагоддзя". Мерапрыемства арганізуюць офіс прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ і Міністэрства інфармацыі Беларусі ў супрацоўніцтве з беларускім МЗС.
Як паведамілі ў офісе АБСЕ ў Менску, які тэхнічна падтрымлівае мерапрыемства, у праграме круглага стала — праца трох тэматычных секцый. Напярэдадні абмеркавання новага закона аб СМІ ў Савеце міністраў Беларусі АБСЕ лічыць важным разгледзець пытанні рэгулявання працы інтэрнет-СМІ, падыходы АБСЕ і практыку краін Еўрасаюза.
Падчас круглага стала выступяць эксперты з Літвы, Расіі, Славакіі і Швецыі, а таксама дырэктар офіса прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Роланд Блес, які наведаў Беларусь у сакавіку.
Паводле прапановы Мінінфармацыі ад беларускага боку будуць удзельнічаць дацэнт Інстытута журналістыкі БДУ Наталля Доўнар, гендырэктар УП "Надзейныя праграмы" (tut.by) Юрый Зісер, кіраўнік дэпартамента інфарматызацыі Мінсувязі і інфарматызацыі Аляксандр Ільін, гендырэктар РУП "БелТА" Ігар Луцкі, намеснік кіраўніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС Ігар Парноў.
АБСЕ запрасіла выступіць эксперта ў галіне СМІ палітычнага аглядальніка Паўлюка Быкоўскага і намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў юрыста Андрэя Бастунца.
Удзел у пасяджэнні круглага стала возьмуць больш за 70 чалавек. Спіс выступоўцаў і запрошаных узгоднены з Мінінфармацыі.
Беларускія ўлады заявілі пра гатоўнасць ўзяць пад увагу вынікі гэтага круглага стала пры ўнясенні паляпшэнняў у заканадаўства аб СМІ і яго правапрымяненне, паведамляе БелаПАН.







Каментары