У літоўскай сталіцы спынілася сэрца равесніцы Віленскай Беларускай Гімназіі Веры Сымонаўны Шостак. Пра гэта Рацыі паведаміў кіраўнік Таварыства беларускай культуры Хведар Нюнька.
Паводле Хведара Нюнькі, нядаўна Вера Шостак адзначыла сваё 90-годдзе і дагэтуль адчувала сябе добра. Смерць яе сталася раптоўнай. Зараз у Вільню прыехала дачка памерлай. Кіраўнік віленскага ТБК заявіў, што пакуль няма інфармацыі, дзе адбудзецца пахаванне Веры Шостак, і падкрэсліў, што сябры Таварыства абавязкова возьмуць удзел у развітанні з ёй.
Вера Сымонаўна даводзілася Хведару Нюньку далёкай сваячкай. Яна шмат гадоў працавала выкладчыцай нямецкай і англійскай моваў у школах Беларусі, а пасля вайны ў Вільні, куды яна пераехала разам са сваёй сям’ёй. Саму сябе Вера Шостак называла “апошняй з магіканаў”.
Цяпер пра навучанне ў Віленскай Беларускай Гімназіі памятаюць толькі Яраслаў і Міраслава Станкевічы.
Віленская Беларуская Гімназія стала адной з першых заходнебеларускіх навучальных установаў. Праіснавала яна з 1919 па 1944 гады. Гімназія была заснаваная па ініцыятыве Івана і Антона Луцкевічаў. Мовай выкладання ўсіх прадметаў у гімназіі была беларуская.
Сяржук ГАЎРЫЛЕНКА




